Вы тут

Тры гісторыі ліквідатараў, якія сталі проста пацярпелымі

Фота з часопіса "Беларусь"

Ёсць людзі, якія ліквідавалі наступствы чарнобыльскай катастрофы. Некаторыя з іх прыехалі на месца аварыі ўжо праз два тыдні пасля выбуху: узмацоўвалі сцены рэактара цэментам, капалі двухкіламетровую свідравіну, у якую злівалі  “нечыстоты” ад мыцця будынкаў, будавалі калючы плот вакол ЧАЭС. Многія з гэтых людзей памерлі. Жывыя ж не могуць пахваліцца добрым здароўем – часта даводзіцца звяртацца да ўрачоў. Але хваробы ліквідатараў “адвязалі” ад Чарнобыля і радыяцыі, ліквідатарскія “коркі” забралі, замест іх выдалі новыя — пасведчанні пацярпелых ад радыяцыі. З таго, што засталося, кажуць ліквідатары, — магчымасць прайсці да доктара без чаргі. 

 

Васіль Галай, матарыст цэментавальнага агрэгата, прыязджае на Чарнобыльскую АЭС 15 траўня 1986 года. Разам з ім — 80 супрацоўнікаў рэчыцкай тампанажнай канторы “Беларуснафта”.

“Мы качалі цэмент за сцяной другога рэактара. Патрэбна было, каб рэактар не сышоў пад зямлю, таму яго ўмацоўвалі цэментам. На “прамыя прамяні” з нас выходзілі толькі два чалавекі, Гвоздзь і Музычэнка. Іх ужо няма ў жывых. Захварэлі на туберкулёз і памерлі. Ды і ўвогуле, з 80 чалавек нас засталося 34. Многія памерлі пасля сарака. Некаторыя ад раку. Але як у нас — памёр і памёр. Ад чаго? Ніхто ж не вызначаў. А інваліднасць, як правіла, амаль нікому з нас і не далі. Яна ж даецца толькі анкалагічным хворым, і тое, у пэўных выпадках. А пакуль вызначаць такія выпадкі, трэба паміраць. А так, ціск скача. Пачаў скакаць яшчэ там, на станцыі. Давалі нам ёдыстыя таблеткі, а мы гэтага ёду і так наглыталіся. І таблеткі былі залішнімі”.

Едучы ў Чарнобыль, гэтыя людзі ўжо ведаюць, што здарылася, хоць і не да канца ўсведамляюць маштабы катастрофы. Жывуць працаўнікі “Беларуснафты” за трыццацікіламетровай зонай. У былых дамах адпачынку ў Іванкаўскім раёне Украіны.

 

“Далі назапашвальнікі. Тыя пачалі зашкальваць, дык забралі, сказаўшы, што яны паламаныя”

 

“Людзі паводзілі сябе па-рознаму, — успамінае Васіль Максімавіч. —Але справа ў тым, што ля нас не было нават медсястры, не кажучы пра сур’ёзных медыкаў. Некаторым, магчыма, туды блізка нельга было сунуцца, яны і памерлі ў першую чаргу. Бо ён і так хворы, а яго — у пекла. Апроч марлевай павязкі, на нас жа нічога не было ахоўнага. Звычайныя спяцоўка і шапачка. Далі назапашвальнікі. Тыя пачалі зашкальваць, дык іх забралі, сказаўшы, што яны паламаныя. Часам падавалася, што людзей штучна забівалі. Напрыклад, замест таго, каб чакаць каманды на базе, мы сядзелі восем гадзін у кабінах і чакалі, калі скажуць працаваць. У кабінах, якія фанілі ад радыяцыі. Мылі іх брандспойтамі, бо фон у машыне быў у дзясяткі разоў вышэйшы, чым мусіў быць. Але мылі такой жа радыеактыўнай вадой”.

Уезд у зону, архіўнае фота Уладзіміра Бацкалевіча

Наступным разам Васіль Галай накіроўваецца ў Чарнобыльскую зону праз паўгода, у кастрычніку 1986-га. Задача — выкапаць двухкіламетровую свідравіну, у якую мусяць зліць “нечыстоты” ад мыцця будынкаў адмысловым растворам. Свідравіна мае назву “Дзясятая Радамлянка”, знаходзіцца ў Нараўлянскім раёне. Пазней Васіля Галая выкліча ваенкамат — запрасіць на зборы ў… Чарнобыльскую зону. Але дактары стануць на абарону двойчы ліквідатара.

“А потым мне даказвалі, што ўсё, што я рабіў, не было звязана з непасрэднай ліквідацыяй наступстваў. Я чатыры гады адстойваў сваё права на пенсію ў 50 гадоў! Потым, як толькі дазволілі прыватызаваць бясплатна кватэры — адразу гэтым скарыстаўся, — пералічвае свае льготы, як ліквідатара Васіль Галай. — Можна было бясплатна ездзіць у транспарце, атрымліваць бясплатна лекі, аздараўляцца ў санаторыях ды дамах адпачынку. Я не аздараўляўся, бо мусіў вывозіць дзяцей, таму браў намёт і ехаў на мора за свой кошт. Таксама раней былі доўгія адпачынкі для ліквідатараў. Потым іх скарацілі да двух тыдняў і зрабілі за свой кошт”.

З таго, што засталося, кажуць ліквідатары, — магчымасць прайсці да доктара без чаргі. Ды, як ісці, калі перад табой сядзіць 90-гадовая бабуля?

У 90-м годзе Васіль Максімавіч разам з чыноўнікамі трапляе ў Крэмль на паседжанне, прысвечанае Чарнобылю. Паводзіны тагачасных кіраўнікоў КПБ, Сакалова і Камая, уражваюць Галая і ён выходзіць з шэрагаў камуністаў. У 93-м яго раптам звальняюць за “сістэматычнае парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны і распарадку працоўнага дня”.

“Добра, хоць п’янку не прышылі”, — смяецца ліквідатар. Праз тры гады ён знойдзе працу на “Раснафце”, адтуль сыдзе на пенсію. Але так і не стане ветэранам “Беларуснафты”, на якой прапрацаваў 22 гады. Болей за тое, аднойчы яму нават не дазволяць сесці ў адзін аўтобус з ветэранамі-ліквідатарамі, калі тыя будуць ехаць да помніка ўдзельнікам ліквідацыі ў Рэчыцы.

“Ліквідатарскіх” да пенсіі даюць 15 рублёў”

Фота з архіва Васіля Галая

Яўген Жукаў — калега Васіля Галая. Капае свідравіну ў Нараўлянскім раёне ў кастрычніку 86-га.

“Тым, хто льготнік па 18 артыкуле закона “Аб сацыяльная абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС”, даюць бясплатныя лекі. Беларускія. І ўсё. У мяне быў спачатку 18 артыкул, потым яго змянілі на 19-ты. Нас было сто дзевяць ліквідатараў, пяцідзесяці аднаго ўжо няма. Хаця б паставілі на якое медыцынскае абслугоўванне ці наша аб’яднанне дало страхавую карту — нічога. А на лекі, як не пойдзеш, траціш пяцьдзесят рублёў. Сходзіш у месяц два-тры разы, 150 і выходзіць. А “ліквідатарскіх” да пенсіі даюць 15 рублёў. Разам — 380, пры 40 гадах стажу. Мы ж яшчэ так-сяк, але колькі загінула маладых хлопцаў! Салдат. Моладзь была неабароненая. Зверху графіт скідвалі голыя — спёка была тады вар’яцкая. І ніхто статыстыку не вядзе, хто там быў, і дзе цяпер гэтыя салдаты. Ім было па 18”.

“Нават чырвоную рыбу давалі, як тым, хто працуе ў складаных умовах”

 

Уладзімір Бацкалевіч. Журналіст. Трапляе ў Чарнобыльскую зону ў верасні 1988-га праз ваенкамат — для “выканання адказнага спецзадання Савецкага ўрада”. Паўгода служыць у "Беларускім полку", які займаецца пабудовай плоту з калючага дроту вакол ЧАЭС, а таксама "пустой" справай: дэзактывацыяй. Гэта, калі забруджаны грунт здымаюць на 20-30 см, а замест яго кладуць чысты, здымаюць стрэхі, а яшчэ спецыяльным растворам мыюць дамы, школы, фермы, каб змыць радыяцыю. Уладзімір кажа, што “чыстым” грунтам быў звычайны жоўты пясок, на якім “не тое, што агурок — лебяда не расла”, а “чыстыя” дамы і школы праз гадзіну зноў станавіліся бруднымі, бо пыл і смецце, прагуляўшыся па палях ды лясах, асядалі на іх.

Уладзімір Бацкалевіч у Чарнобыльскай зоне. Фота з часопіса Беларусь.

Зімой “Беларускі полк” стаіць у Хойніцкім раёне: салдаты размяшчаюцца ў вялікіх намётах. На лета — перасяляюцца ў Веткаўскі раён, вёску Свяцілавічы, у мясцовы інтэрнат, дзе некалі жылі дзеці-інваліды.

“Як выглядаў наш дзень? — прыгадвае Бацкалевіч. — Пад'ём. Пастраенне. Сняданак, і паехалі на працу. Усё, як у арміі. Увогуле, некаторыя стараліся туды па два разы трапіць. Бо, па-першае, захоўваўся сярэдні заробак. Па-другое, была бясплатная кармёжка тры разы на дзень, прычым, добрая, нават чырвоную рыбу давалі, як тым, хто працуе ў складаных умовах. Па-трэцяе, у месяц плацілі 120 рублёў камандзіровачных. Таму тыя, хто не асабліва дбаў пра здароўе, спрабавалі паехаць яшчэ раз”.

Мясцовыя, кажа ліквідатар, хоць і адчувалі сябе больш упэўнена, калі побач былі ваенныя, не хацелі дэзактывацыі.

“Адну старую бабулю з выцвілымі бровамі знайшлі, Марыю Фамінічну Курака. Дык яна з намі не цырымонілася: “Не хочам мы вашай “акцівацыі”, вось і зачыняемся. Толькі жвірам агарод спаскудзілі. Цяпер цыбуліна не ўзыдзе. Агурка і памідора другі год не бачу. У краму не завозяць. А да Веткі не дабрацца”.

Уладзімір Іванавіч прысутнічае і пры пахаванні вёсак:

“Жудасная карціна. Стаіць прыгожая вялікая вёска. Прыгожы дом. Пад'язджае бульдозер, капае яму. І проста ў яміну гэты дом звальваюць. Палешукі ж прыгожа будавалі. Дабротныя хаты. Вось замест хаты — магіла. А толькі што дом стаяў. Азірнешся — пагоркі адны. Страшна. Дзіка. Толькі груша ці яблынька стаяць, як памяць”.

Акурат у гэтыя часы у краіне дзейнічае сухі закон: у крамах ніякага алкаголю. Аднак мясцовыя хутка скемліваюць, што ваенныя таксама людзі, і, працуючы ў цяжкіх умовах, ад якога алкаголю не адмовяцца, і пачынаюць гнаць самагонку.

“Партызаны” (так называлі ваенных-ліквідатараў) уначы хадзілі за самагонам, і людзі рэальна абагачаліся на гэтым. Аднак былі і трагічныя выпадкі: за паўгода, якія я там быў, два чалавекі атруціліся адэкалонам. І памерлі. Не змаглі выратаваць. А так ніякага маральнага заахвочвання. Салдаты ёсць салдаты. Каманда. І робім плот да абеду”, — усміхаецца мужчына.

Вясной 1989 года ў полк прыязджаюць медыкі — праверыць салдатаў на наяўнасць у арганізме радыяцыі. Выстраіліся ўсе ў чаргу, а дактары водзяць па салдатах дазіметрамі і пішуць усім аднолькавую дозу. А ці можа быць аднолькавая доза ў таго, хто працуе на кухні і таго, хто здымае стрэхі? Аднак хітрыя “партызаны” становяцца ў чаргу па другім коле:

“Вы дакладна скажыце, што шукалі — бэры, мікрарэнтгены, цэзій ці стронцый?” — прычапіліся яны да медыкаў. Тыя, маўляў, вызначылі дозу агульнага апраменьвання ў адзінках. А механізатар з Ганцавічаў, Сарока, не здаецца: “А чаму прыехалі з сапсаванымі прыборамі? Першы раз сказалі, што ў мяне 2,9 адзінкі, а другі, праз тры хвіліны — 3,4? Зараз вас павыганяем адсюль к чортавай мацеры!”. У адказ чуем нешта незразумелае. Сустрэў праз пару гадоў аднаго мужыка-саслужыўца, кажа, усё добра, але ў горле дзярэ — не праходзіць”.

Атрыманая доза радыяцыі 2 рэнтгена

Уладзімір мае праблемы са скурай. Там-сям з’яўляюцца плямы, падобныя да вялікіх укусаў. Нават рак ставілі цягам 15-ці гадоў. Але, дзякуй Богу, дыягназ не спраўдзіўся. Увогуле, канстатуе Бацкалевіч, хваробы ліквідатараў “адвязалі” ад Чарнобыля і радыяцыі. Таму, кажа, і ліквідатарскія "коркі" забралі. Маўляў, пазношваліся, таму вось вам новыя — “пасведчанні пацярпелых ад радыяцыі”:

“Раней жартавалі: не трэба быць Героем Савецкага Саюза, трэба стаць ліквідатарам”. А цяпер усё змянілі… А раптам нешта здарыцца? Цяпер паўсюль рак. Хто цябе будзе лячыць? Хто дапаможа, калі ты “пацярпелы”? Мы ж усе тут пацярпелыя”.

Забруджванне тэрыторыі Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей цэзіем у 1986 годзе і прагноз

 

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года 23% тэрыторыі Беларусі былі забруджаныя радыяцыяй. У зону забруджвання трапілі 3 678 населеных пунктаў. 1 студзеня 2016 года ў Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзіўся 2 371 населены пункт, у тым ліку 28 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу і 2 343 сельскія населеныя пункты.