Не маеш таннай гарэлкі — згубіш вышэйшую катэгорыю

Некалькі самых лепшых рэстаранаў у Гродне пазбавяць першай нацэначнай катэгорыі. Прычынай для гэтага стала праверка Камітэта Дзяржкантроля. Падчас яе высветлілася, што бар “Рэтра піца”, “Карчма” і кавярня “Масква” не маюць у продажы беларускай гарэлкі, піва і соку.
А таксама яны выкарыстоўваюць імпартную цыбулю, моркву і капусту замест беларускіх. Гэта вельмі папулярныя рэстараны і туды вельмі часта водзяць замежных гасцей.

Вышэйшая катэгорыя вельмі важная для ўладальнікаў рэстаранаў, бо трэба плаціць вялікую арэнду. А якасць беларускіх прадуктаў не заўсёды на дастатковым узроўні. Перадае наш карэспандэнт у Гродне Аліна Кашкевіч:

"Паводле словаў аднаго з уладальнікаў бараў, дарагая садавіна і гародніна дае магчымасць зарабіць вышэйшую нацэнку. Гэта вельмі важна для уладальнікаў бараў, таму што вельмі дарагая арэнда. Таксама ён сказаў пра тое, што беларуская гародніна не заўсёды паступае да іх у добрай якасці. З яе больш ахрап’я, больш працы на кухні. Выкарыстоўваць яе не выгадна".

Начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынка і паслуг КДК Гродзенскай вобласці паведаміў, што парушэнняў было шмат, але за якія дакладна парушэнні будуць пакараныя рэстараны, не паведаміў.

“Парушэнняў там шмат выяўлена розных. Якія толькі ёсць у грамадскім харчаванні, усе там прысутнічаюць. За гэтыя парушэнні адпаведныя органы будуць караць. А мы іх аштрафавалі. Мы накіроўваем матэрыялы ў органы выканаўчай улады, няхай яны разглядаюць з пункту гледжання, якія меры неабходна у такіх выпадках прымаць”.

У барах “Рэтра піца” і “Карчма” Еўрарадыё даведалася, што за парушэнні аштрафавалі не толькі прадпрыемствы, але і адміністратараў. А “Рэтра піцу” пазаўчора ужо пазбавілі першай катэгорыі. Пра гэта нам паведаміла адміністратар бара “Карчма”.

“Піва не было беларускага, сокаў не было беларускіх, і гарэлка беларуская ў нас ёсць, яе, у прынцыпе, 5 найменняў. Але не было гарэлкі з папяровай этыкеткай, сувенірныя бутэлькі толькі. Выклікалі ў дзяржкантроль праз тыдзень пасля гэтага. Я асабіста хадзіла. Штраф мне прыйшоў, можа быць, тыдні 2 таму. Мне асабіста 175 тысяч. Але гэта мне, яшчэ аднаму адміністратару і прадпрыемству. Але колькі прадпрыемству— я не ведаю”.

Еўрарадыё даведалася, што такія праверкі былі не толькі ў Гродне. У Магілёве КДК таксама правяраў некаторыя кавярні. Супрацоўнікі КДК цікавіліся наяўнасцю беларускіх прадуктаў у кафэ-піцэрыі “Пармезан”. Але прэтэнзій пасля праверкі не было.

“У нас усё ёсць — і мясцовае, і імпартнае. Зразумела, больш беларускага, чым імпартнага. Праверкі прыходзілі і ніякіх прэтэнзій не было”.

Як атрымалася высветліць у Камітэце Дзяржкантролю карэспандэнтам Еўрарадыё, за такія парушэнні нельга пазбавіць нацэначнай катэгорыі. Каб пазбавілі нацэначнай катэгорыі, трэба мець нейкія больш сур’ёзныя парушэнні, чым адсутнасць беларускага піва ў меню.

“За тое, што няма прадуктаў дзяржаўнай вытворчасці, ніхто не можа пазбавіць нацэначнай катэгорыі. Бо адняць катэгорыю можа толькі той, хто яе прысвойвае. А для таго, каб мець вышэйшую нацэначную катэгорыю, аб’ект грамадскага харчавання павінен адпавядаць цэламу шэрагу патрабаванняў. Я абсалютна ўпэўненая, за тое, што не выкарыстоўваюцца ў вытворчасці айчынныя прадукты, толькі за гэта пазбаўляюць ліцэнзіі, ці зніжаюць нацэначную катэгорыю, гэта не рэальна”.

Пасля зніжэння нацэначнай катэгорыі кошты ў кавярнях знізяцца, але гэта ўдарыць па прэстыжу і прыбыткам. Таму уладальнікам цяжка будзе захоўваць якасць, а гэта будзе горш толькі для спажыўца.


Фота — portal74.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі