Назіральнікам далі ад двух да пяці

Падчас падліку галасоў найбольш ліберальнымі паказалі сябе выбарчыя камісіі ў Мінску. А ў рэгіёнах назіральнікаў не падпускалі бліжэй за 10 метраў да месца падліку галасоў. Еўрарадыё пагаварыла з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў з розных куткоў краіны. Незалежны кандыдат Леанід Невар, які балатаваўся па Рэчыцкай акрузе № 44 паведаміў, што яго назіральнікі не маглі назіраць за падлікам галасоў:

“Так, пусцілі ўсюды. Але назіральнікі сядзяць далёка, за 10 метраў, не бліжэй... Штосьці бачыць, як яны падлічваюць, канешне, няма магчымасці, гэта дакладна”.

Назіральнікаў ад магілёўскага кандыдата Аляксандра Сілкова гналі адусюль і не пусцілі нікуды:

“Адганяюць нашых назіральнікаў куды толькі можна. Нідзе, нідзе не пусцілі нас да падлікаў. Нідзе!”

Такая ж карціна адбывалася і ў Слоніме, дзе на 27-м участку назіраў Алесь Масюк:

“Я быў спачатку на адным участку. Пасля мяне перакінулі на іншы ўчастак - №27. Мне тут адмовіліся сказаць, колькі людзей прагаласавала. Потым я спытаў, дзе мне можна будзе знаходзіцца падчас назірання. Мне сказалі, што ў мяне ёсць месца. Аднак я запярэчыў, што адтуль нічога не пабачу”.

А вось прадстаўнікі сталічных выбарчых камісій паказалі сябе больш ліберальнымі за сваіх рэгіянальных калегаў. Назіральнікаў у Мінску падпускалі нават на два метры.

Уладзімір Лазоўскі, Мінск: “Сталы стаяць на адлегласці два метры да урнаў. Гэта цяпер, а што будзе пасля – невядома. Але пакуль адносіны вельмі добрыя”.

Аляксандр Бухвостаў (Мінск) паведаміў, што яго назіральнікаў таксама да падліку галасоў дапусцілі:

“У асноўным удалося дамовіцца з выбарчымі камісіямі. Пакуль няма інфармацыі, што кагосьці не дапусцяць. Кажуць, будзеце сядзець на адлегласці 3-х метраў і глядзець, як будуць лічыць”.

Аднак праваабаронца Уладзімір Лабковіч сказаў Еўрарадыё, што і ў Мінску было далёка не ўсё добра. Шмат на якіх участках назіральнікі не мелі магчымасці назіраць выбарчыя скрыні:

“Фактычна падлік галасоў не адрозніваўся ад папярэдніх выбараў і ад той практыкі, якая нажаль ужо ў Беларусі ўмацавалася. На акрузе спадарыні Свяцкай і на акрузе, дзе балатуецца Сяргей Калякін, там практычна на ўсіх участках назіральнікі паспелі паведаміць, што іх не дапусцілі да падліку галасоў. Яны не мелі магчымасці назіраць выбарчыя скрыні, як адбываецца сам падлік галасоў”.

Таксама, па словах праваабаронцы, на большасці ўчасткаў не адбываўся асобны падлік галасоў тых, хто прагаласаваў датэрмінова і тых, хто галасаваў у дзень выбараў.


Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі