Навукоўцы знайшлі першую экзапланету, падобную да Зямлі (фота)

Навукоўцы NASA паведамілі на прэс-канферэнцыі, што ім удалося выявіць планету, падобную да Зямлі з дапамогай тэлескопа Kepler. На ёй, як мяркуецца, таксама можа быць вада.

Як паведамляе nat-geo.ru, экзапланету знайшлі ў сузор'і Лебедзя. У дыяметры яна на 60% большая за Зямлю — гэта робіць яе найбольш падобнай да нашай планеты ў параўнанні са знойдзенымі раней. Сваю назву, Kepler-452b, новая планета атрымала ў гонар зоркі Kepler 452, вакол якой круціцца. Перыяд абарачэння планеты вакол зоркі складае 385 сутак.

Тэлескоп Kepler быў запушчаны ў космас у 2009 годзе. Яго задача — пошук экзапланет у зоне заселенасці, якую таксама называюць зонай Залатавалоскі. Планеты ў гэтай вобласці размяшчаюцца на бяспечнай адлегласці ад зоркі, вакол якой круцяцца. Такія ўмовы робяць магчымым існаванне вады ў вадкім стане на паверхні гэтых планет, а значыць, і жыцця.

Сёлета тэлескопу ўдалося знайсці 11 новых планет у зоне Залатавалоскі. Да выяўлення новай планеты Kepler-452b найбольш падобнымі да Зямлі былі Kepler-438b і Kepler-442b. Яны ў два разы перавышаюць памеры Зямлі і круцяцца вакол чырвоных карлікаў, якія нашмат халаднейшыя за Сонца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі