Нават іржавыя жыгулі: якую маёмасць палітвязняў распрадаюць улады

Нават іржавыя жыгулі: якую маёмасць палітвязняў распрадаюць улады

Сайт “БелЮрЗабеспячэння” прапануе набыць маёмасць, канфіскаваную судовымі выканаўцамі ў даўжнікоў. Сярод іх ёсць і фігуранты крымінальных спраў, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. 

Еўрарадыё азнаёмілася з тым, што хоча рэалізаваць улада з маёмасці людзей, якія сядзяць за свае перакананні.

34-гадовыя жыгулі

Нават іржавыя жыгулі: якую маёмасць палітвязняў распрадаюць улады

“Капейку” 1987 года прадавалі ў жніўні гэтага года ўсяго за 460 рублёў. Але ахвочых не знайшлося. І зразумела чаму: “Кузаў транспартнага сродку мае сляды скразной карозіі металу з парушэннем ахоўнага лакафарбавага пакрыцця. Пры дыягностыцы магчымае выяўленне схаваных дэфектаў і няспраўнасцяў”, — гаворыцца ў абвестцы.

Тамсама знаходзім і інфармацыю пра былога ўласніка: Хранкоў Андрэй Аляксеевіч.

Мужчына быў затрыманы 30 жніўня 2020 года ў Мінску ў часе нядзельнай акцыі пратэсту. А менавіта ў часе бойкі, якая адбылася, калі мінакі спрабавалі адбіць  пратэстоўцу ад ціхароў. Гэты інцыдэнт трапіў на відэа.

Андрэя абвінавацілі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) — за бойку і ўдары па мікрааўтобусе міліцыі.

27 лістапада 2020 года суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў Андрэя Хранкова да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.  Аднак у верасні гэтага года суд пастанавіў змяніць агульны рэжым у калоніі на турэмны — тэрмінам на 3 гады.

Опель з прагнілым кузавам 

Нават іржавыя жыгулі: якую маёмасць палітвязняў распрадаюць улады

Яшчэ адзін лот, які не знайшоў новага гаспадара, — опель 1998 года з прагнілым кузавам.  За машыну хацелі атрымаць 1440 рублёў. Яе былы ўласнік Андрэй Цімафеенка таксама ўжо больш за год знаходзіцца за кратамі.

Цімафеенка — жыхар Віцебска, якога таксама абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Інцыдэнт адбыўся ў часе “Маршу адзінства” 6 верасня 2020 года. Мужчына быў затрыманы 30 верасня. 

2 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска яго прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Бабарыкаў форд

Нават іржавыя жыгулі: якую маёмасць палітвязняў распрадаюць улады

Пакуль што самы вядомы “даўжнік” — Віктар Бабарыка. На аўкцыёне выставілі яго Ford Fiesta 2015 года за 17 тысяч рублёў. У абвестцы гаворыцца, што камплектнасць і працаздольнасць аўтамабіля не правяралася.

Былы кіраўнік Белгазпрамбанка і прэтэндэнт у прэзідэнты быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры і адмыванні грошай.

Акрамя 14 гадоў турмы, Бабарыку прысудзілі штраф 145 тысяч рублёў. З яго таксама вырашылі спагнаць суму больш як 46 мільёнаў рублёў у кошт пагашэння “прычыненай шкоды”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі