Вы тут

NATO падтрымлівае незалежнае расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanair

Генсакратар NATO Енс Столтэнберг / Reuters

NATO падтрымлівае міжнароднае расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanair у Мінску. Пра гэта гаворыцца ў камюніке па выніках саміту альянсу, які адбыўся ў Бруселі.

"Мы падтрымліваем незалежныя расследаванні, у тым ліку па лініі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО). Мы падтрымліваем меры, прынятыя саюзнікамі індывідуальна і калектыўна ў адказ на гэты інцыдэнт. Мы заклікаем Беларусь выконваць нормы міжнароднага права, паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных", — цытуе ТАСС заяву NATO. 

У заяве гаворыцца, што NATO "глыбока заклапочанае сітуацыяй" у краіне і працягне назіраць за абстаноўкай. У альянсе заяўляюць, што жадаюць бачыць Беларусь дэмакратычнай, стабільнай і суверэннай.

Самалёт кампані Ryanair быў пасаджаны ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск" 23 траўня. З яго борта беларускія сілавікі знялі блогера Рамана Пратасевіча і студэнтку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сафію Сапегу. Беларускія ўлады заявілі, быццам атрымалі паведамленне, што на борце самалёта было выбуховае прыстасаванне.

Пасля гэтага інцыдэнта Еўрасаюз і Украіна закрылі сваё неба для беларускіх авіякампаніяў. Таксама авіякампаніі, акрамя хіба што расійскіх, перасталі выкарыстоўваюць беларускую паветраную прастору.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.