Вы тут

NATO не мае доказаў, што пасля "Захаду" ў Беларусі засталіся расійскія войскі

Енс Столтэнберг. Фота: Reuters

NATO не мае інфармацыі наконт таго, што расійскія войскі дагэтуль застаюцца ў зоне вучэнняў "Захад-2017". Пра гэта заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг.

"Па наяўнай інфармацыі, уся тэхніка і войскі былі выведзеныя. Ніякіх доказаў таго, што расійскія войскі засталіся ў Беларусі, у нас няма", — сказаў Столтэнберг у чацвер, 26 кастрычніка, падчас пасяджэння Савета Расія-НАТА.

Генеральны сакратар NATO не ўдакладніў, пра якую тэрыторыю ён кажа. Даволі аб'ёмная частка сцэнару "Захаду-2017" не мела дачынення да Беларусі — вучэнні праходзілі на тэрыторыі Заходняй вайсковай акругі Расіі, у Калінінградскай і Ленінградскай абласцях. Ці азначаюць словы Столтэнберга, што колькасць расійскіх вайскоўцаў у Беларусі перавышала заяўленыя 3000 чалавек, не зразумела.

Днямі ўкраінскі Генштаб заявіў, што істотная частка расійскага вайсковага кантынгенту пасля вучэнняў "Захад-2017" засталася ў Беларусі. Аднак Мінабароны РБ абвергла гэтую інфармацыю, спаслаўшыся, у тым ліку, і на міжнародных назіральнікаў.