Вы тут

Чарговая заява Генштаба Украіны расійскія войскі ў Беларусі апынулася фэйкам?

Ілюстрацыя: The Sun

Міністэрства абароны Беларусі абвергла заявы Генштаба Украіны пра тое, што пасля вучэнняў "Захад-2017" у Беларусі засталіся расійскія вайскоўцы.

"Як ужо неаднаразова заяўлялася, увесь расейскі кантынгент, які браў удзел у сумесных стратэгічных вучэннях "Захад-2017", пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у верасні бягучага года", — сказана ў заяве міністэрства.

Раней шэраг украінскіх медыяў са спасылкай на прадстаўніка Генштаба Украіны Андрэя Гудзя напісалі, што расійскія войскі ў Беларусі ўсё ж такі ёсць.

"На тэрыторыі Беларусі была створаная групоўка беларуска-расійскіх Узброеных сілаў прыблізна ў колькасці 12 тысяч чалавек, з якіх 5800 — прадстаўнікі РФ, — цытуе Гудзя, які займае пасаду начальніка Упраўлення верыфікацыі Генштаба Узброеных сіл Украіны, сайт www.ukrinform.ua. — Вайскоўцы разумеюць, што штаб ды іншыя падраздзяленні застаюцца на тэрыторыі Беларусі, і падчас міжнародных інспекцыяў пацвердзілася, што там ёсць расійскія войскі".

Але Мінабароны Беларусі настойвае, што "замежнымі інспектарамі якіх-небудзь фактаў прысутнасці або ваеннай дзейнасці незаяўленых вайсковых сіл, у тым ліку расійскіх, выяўлена не было, пра што сведчаць афіцыйныя справаздачы названых дзяржаў".

Гэта ўжо не першы раз, калі ўкраінцы кажуць пра расійскія войскі, што засталіся ў Беларусі. Раней (гэта было пры канцы верасня) факты, агучаныя Генштабам Украіны, не пацвердзіліся.