Настаўніца і рэпетытар абмяркоўваюць ідэю Лукашэнкі замяніць ЦТ на сумоўе

У сваім звароце да дэпутатаў парламента Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае замяніць некаторыя іспыты па школьных прадметах з тэставання на сумоўе.

"Я ўжо прадумаў розныя варыянты: дзесьці, калі навука патрабуе дакладных адказаў (матэматыка, фізіка), там, можа быць, і пакінуць цэнтралізаванае тэставанне. А па нейкіх прадметах трэба ўводзіць сумоўе, якое калісьці было ", — сказаў кіраўнік краіны.

Цяпер сумоўе існуе на творчых факультэтах, напрыклад, яго праходзяць разам з тэставаннем у Інстытуце журналістыкі БДУ. Але каб адмяніць тэставанне па некаторых прадметах зусім…

“Ніякае сумоўе не зможа нармальна ацаніць веды, гэта ж як вусны экзамен. Прыгожа наліў вады і нічога не ведае. Хіба, калі дадаваць сумоўе да тэставання, то логіка ў гэтым ёсць. Спачатку мы глядзім на факталогію, пасля глядзім, ці ўмее чалавек разважаць”, — выказваецца рэпетытар па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве Аляксандр Луцэвіч.

Сёлета адна з яго вучаніц здала тэставанне па грамадазнаўстве на сто балаў.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Пятроўна падрыхтавала ў гэтым годзе адну стобальніцу і таксама не падтрымлівае ідэю адмены тэставання.

“Калі чалавек ідзе на журналіста, то сумоўе — гэта лагічна. Але калі ён ідзе на тэхнічныя спецыяльнасці, то сумоўе нічога не дасць. Як варыянт, у нейкіх ВНУ, можна разглядаць сумоўе. Але каб паўсюль замяніць, то гэтага пакуль не варта рабіць”.

Кіраўнік краіны не першы раз выказваецца пра адмену тэставання. Апошні раз ён уздымаў гэтае пытанне 17 чэрвеня ў Гомелі. 3 траўня сёлета Аляксандр Лукашэнка казаў, што ў яго “няма перавагі да нейкай адной формы іспытаў”.

Фота: belta.by і з сацсетак