Наколькі ананімная “ананімная” картка “Беларусбанка”?

“Беларусбанк” пачаў выдаваць карткі на прад'яўніка. На такіх картках няма ні прозвішча, ні імя ўладальніка. Аформіць іх можна, не прад'яўляючы дакументаў. А пакласці і зняць грошы (ізноў-такі без прад'яўлення дакументаў) дазваляюць банкаматы і тэрміналы cash-in.

Еўрарадыё заўважыла, што ананімныя карткі могуць быць выкарыстаныя ў карупцыйных схемах. Непрыметны, але вельмі карысны кавалачак пластыку значна больш сучасны за знакаміты канверт з грашыма. А для ўдзячнасці за “спрыяльнае вырашэнне пытанняў” падыходзіць ані горш. Бо XXI стагоддзе на дварэ!

У Нацыянальным банку Еўрарадыё тлумачаць, што “названы картачны прадукт” мае права на жыццё, бо “створаны ў межах дзейнага заканадаўства, якое ў тым ліку рэгулюе пытанні прадухілення фінансавых аперацый, звязаных з легалізацыяй даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці”. Па дадатковыя тлумачэнні галоўны рэгулятар накіраваў у банк, які выпусціў картку.

У прэс-службе “Беларусбанка” пасля кансультацыі са спецыялістамі прызнаюць: картка “Падарункавая” — “абсалютна ананімная”, і выключаць, што яе будуць выкарыстоўваць для хабару, нельга:

“І падчас набывання, і падчас здымання ананімнасць захоўваецца. Ну а што тычыцца таго, як яе выкарыстоўваць… Гэта пытанне не да нас. Хабар даюць і баранамі”.

Супрацоўнік аднаго з банкаў, які пажадаў застацца невядомым, распавядае Еўрарадыё, што даведацца, хто карыстаецца карткай, можна і “небанкаўскімі” інструментамі:

“Усе дзеянні, якія адбываюцца ў банкамаце ад карыстальніка, надзвычай жорстка лагіруцца. Што націснуў, што зняў, што аплаціў. Усё. Тое ж самае ў разлікова-касавых цэнтрах. Усё запісана і знята на відэа. А ў карткі ёсць нумар. Па гэтым нумары можна прасачыць усе ланцугі. Абсалютна. Там проста іншы тып рахунку і няма ў даных карткі імя трымальніка. А ў астатнім гэта звычайная картка”.

Сумняваюцца ў ананімнасці аперацый па “ананімнай” картцы і эксперты. Крыніца, блізкая да банкаўскай сферы, мяркуе, што “калі гэтая картка трапіць у поле зроку праваахоўнікаў, знайсці трымальніка карткі не будзе цяжка”.

“У кожным банку вядзецца відэаназіранне. Дзесьці будзе дакладна бачны нават твар кліента, дзесьці будзе расплывісты профіль. З дапамогай відэзапісаў з банка і, да прыкладу, звестак сведкаў чалавека цалкам рэальна знайсці. Калі вы будзеце карыстацца карткай праз банкамат, камера ізноў-такі зафіксуе ваш твар”.

Відэакамерам абсталяваныя далёка не ўсе тэрміналы cash-in, то бок магчымасць ананімнага папаўнення карт-рахунку захоўваецца. А вось з ананімным здыманнем грошай і праўда складаней. “Усе рухі можна прасачыць. І калі гэтую картку “засвяціць” дзе не трэба, то ланцуг разблытаюць, і нават фота прынясуць, дзе чалавек з задаволенай пысай здымае кэш”, — працягвае ананімны супрацоўнік банка.

Скарыстацца банкаматам або аплаціць пакупку з дапамогай карткі на прад’яўніка можа кожны, галоўнае ведаць пін-код. Але “раскруціць” ланцужок ад гэтага чалавека да тых, хто дарыў картку і прымаў падарунак, нескладана.

Рэальная ананімнасць такой карткі пад пытаннем, — рэзюмуе крыніца Еўрарадыё. — І калі я вырашу даць або ўзяць хабар (жартую, вядома!), то я зраблю гэта, хутчэй, наяўнымі, чым вось такімі карткамі. Пры вялікім жаданні праваахоўныя органы змогуць прасачыць увесь ланцужок. Пачынаючы ад таго, хто гэту картку ў банку купляў, і заканчваючы тым, каму ў канчатковым выніку дасталіся грошы”.

Пры ўсіх сваіх перавагах новая картка наўрад ці зробіць рэвалюцыю ў хабарніцтве. Усё ж такі беларускія чыноўнікі кансерватыўныя. А ананімнасць хоць і гарантуецца, але не з'яўляецца прадуктам, які “прадае” з гэтай карткай “Беларусбанк”. Прозвішча на ёй няма толькі таму, што мяркуецца, што картку падораць і карыстацца ёю будзе не той, хто атрымлівае яе ў банку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі