Што будзе з курсам долара і валютай у абменніках, распавёў Нацбанк

Адказы на шматлікія пытанні журналістаў з'явіліся на афіцыйным сайце. Мы пераклалі іх на чалавечую мову.

Пытанне: Як цяпер фармуецца курс беларускага рубля?

Афіцыйны адказ: З 9 студзеня выкарыстоўваецца механізм прывязкі курса беларускага рубля да кошыка валют. Гэта азначае адмову ад прамой прывязкі курса беларускага рубля да долара ЗША. Пры гэтым, зыходзячы са структуры знешняга тавараабароту і атрыманай валютнай выручкі, удзельная вага расійскага рубля павялічаная да 40 адсоткаў, долара ЗША і еўра зніжаныя да 30 адсоткаў.

Расшыфроўка Еўрарадыё: Павялічылася прывязка беларускага рубля да курсу расійскага. Еўра і долар будуць даражэць больш актыўна.

Пытанне: Якой будзе у 2015 годзе інфляцыя?

Афіцыйны адказ: Праз рэзкае пагаршэнне сітуацыі як у знешнім сектары, так і на ўнутраным валютным і дэпазітным рынках, што прывяло да паслаблення курсу беларускага рубля, прагнознае значэнне інфляцыі запатрабуе ўдакладнення. Гэтая праца будзе праведзеная ва ўзаемазвязцы з удакладненнем параметраў бюджэту і прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на гэты год.

Расшыфроўка Еўрарадыё: Памер інфляцыі Нацбанк пакуль спрагназаваць не можа, але яна хутчэй за ўсё будзе большай, чым планавалася.

Пытанне: Што будзе з курсам долара?

Афіцыйны адказ: Абменны курс будзе больш гнутка рэагаваць на рэзкія змены сітуацыі як унутры краіны, так і на знешніх фінансавых рынках. У той жа час гэта прывядзе да больш моцных ваганняў абменнага курсу беларускага рубля ў дачыненні да долара ЗША. Аднак у сярэднетэрміновым перыядзе пры правядзенні адэкватнай бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі ціск на валютны рынак знізіцца, і адбудзецца стабілізацыя курсавых чаканняў, што дазволіць паменшыць ваганні курсу беларускага рубля.

Расшыфроўка Еўрарадыё: Аб ранейшай стабільнасці курса долара можна забыць, сітуацыя калі і палепшыцца, то няхутка.

Пытанне: Што будзе са стаўкай рэфінансавання?

Афіцыйны адказ: Дынаміка стаўкі рэфінансавання на працягу года будзе залежаць ад макраэканамічнай сітуацыі, у першую чаргу — у знешнім гандлі і на валютным рынку, ад узроўню інфляцыі. Пры гэтым Нацыянальны банк будзе гнутка рэагаваць на змяненне фактычнай сітуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.

Расшыфроўка Еўрарадыё: Стаўка рэфінансавання будзе павялічвацца.

Пытанне: Калі можна будзе свабодна набываць валюту ў абменніках?

Афіцыйны адказ: Задавальненне любой цаной ажыятажнага попыту насельніцтва на замежную валюту неапраўданае. Таму банкі ў перыяд высокіх спекуляцыйных чаканняў прадавалі валюту ў межах яе пакупкі. У цяперашні час прапанова валюты банкамі на наяўным сегменце рынку павялічваецца. Па меры адаптацыі банкаў да ўмоў новага механізму курсаўтварэння і замацавання станоўчых тэндэнцый на валютным і дэпазітным рынках дадзеныя пытанні будуць знятыя.

Расшыфроўка Еўрарадыё: Невядома. Магчыма, сітуацыя з доларам у абменніках будзе паляпшацца.

Пытанне: Ці будзе павялічвацца ў сувязі з інфляцыяй намінал беларускіх банкнот?

Афіцыйны адказ: Увядзенне новага наміналу банкнот знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі. Рашэнне аб змене ў наяўным грашовым звароце Рэспублікі Беларусь будзе прымацца зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы, пра што Нацыянальны банк загадзя праінфармуе ўсіх зацікаўленых.

Расшыфроўка Еўрарадыё: З’яўленне новай 500-тысячнай купюры вельмі імавернае.

Фота tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі