Вы тут

Нацбанк пракаментаваў прапанову адключыць Беларусь ад сістэмы SWIFT

Нацбанк Беларусі / БЕЛТА

Нацбанк адгукнуўся на апытанне, запушчанае офісам Святланы Ціханоўскай наконт адключэння Беларусі ад міжнароднай банкаўскай сістэмы SWIFT.

"Нацыянальны банк не бачыць якіх-небудзь аб'ектыўных прычын для перагляду існуючага фармату ўзаемаадносін беларускіх банкаў з сістэмай SWIFT і не лічыць высокай верагоднасць рэалізацыі гэтай рызыкі", — гаворыцца прэс-службы Нацбанка.

У галоўным банку краіны паведамілі, што для перадачы ўнутраных плацяжоў у Беларусі выкарыстоўваецца не SWIFT, а ўнутраная сістэма перадачы фінансавай інфармацыі Нацбанка (СПФІ) — з 1999 года. Такая ж сістэма ёсць у Расіі — СПФС.

Усе плацяжы юрыдычных асоб (у тым ліку налічэнне заробкаў і пенсій) на тэрыторыі Беларусі забяспечваюцца альбо ўнутры аднаго банка, альбо з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў Нацбанка (у тым ліку праз СПФІ). "Гэта значыць, што плацяжы юрыдычных асоб на тэрыторыі нашай краіны не залежаць ад SWIFT", — кажуць у Нацбанку.

Таксама Нацбанк запэўнівае, што ўсе безнаяўныя разлікі па картках і з выкарыстаннем электронных грошай будуць дзейнічаць нават пры праблемах беларускіх банкаў са SWIFT, бо не завязаныя на гэтую сістэму. Гэта датычыць і банкаўскіх валютных картак.

"Расійская Федэрацыя з'яўляецца нашым асноўным гандлёвым партнёрам. Таму цэнтральнымі банкамі нашых краін было прынята рашэнне аб інтэграцыі ўнутраных сістэм па абмене фінансавай інфармацыяй, плацежных сістэм з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак БЕЛКАРТ (РБ) і "Мір" (РФ), сістэмы імгненных плацяжоў Нацыянальнага банка і сістэмы хуткіх плацяжоў Банка Расіі", — заяўляюць у Нацбанку.

Трансгранічныя плацяжы паміж Беларуссю і Расіяй могуць праходзіць як праз SWIFT, так і па інтэграваных унутраных сістэмах абедзвюх дзяржаў. Сістэма SWIFT і інтэграцыя СПФІ і СПФС працуюць аўтаномна адзін ад аднаго, таму можна адначасова падключыцца да дзвюх сістэм.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.