Вы тут

Нацбанк бяссільны: інфляцыя ў Беларусі і курс долара — прагноз Чалага на 2022-гі

Што будзе з курсам валют у 2022 годзе? Магчымы сцэнар 2014 года / Еўрарадыё

Мэта беларускіх уладаў у 6% інфляцыі ў 2022 годзе дасягнутая не будзе. Пра гэта паведаміў сам Нацбанк, "калі ведаць, дзе чытаць". Сваімі назіраннямі з Еўрарадыё падзяліўся аналітык Сяргей Чалы.

— У апошнім нумары "Банковского вестника" яны кажуць пра тое, што для таго, каб справіцца з гэтай інфляцыяй, якая ёсць цяпер у чацвёртым квартале, адсоткавыя стаўкі неабходна задраць пад 40% гадавых, зыходзячы з той макраэканамічнай мадэлі, якая ёсць у Нацбанку. Яна апублікаваная, ёсць у адкрытым доступе — кожны можа падставіць каэфіцыент. І вынік гэтых высокіх адсоткавых ставак потым 36-40% — гэта вельмі сур'ёзны спад ВУП, дазволіць мы гэта не можам.

Па словах Чалага, стратэгія Нацбанка — не даць інфляцыі раскруціцца далей.

— Яны ж кажуць: "Так, яна высокая. Так, яна большая ў два разы, чым наша мэта. Але ў рэальным выражэнні ж даходы растуць". Гэта значыць, груба кажучы, калі заробкі бюджэтнікаў вырастуць крыху больш — на 1-2%, то яны скажуць, што "наша мэта выкананая".

Гэта вельмі небяспечна, калі цэны гоняцца за заробкамі, а заробкі гоняцца за цэнамі. На цяперашні момант, калі правільна яго чытаць, Нацбанк кажа: "Мы не маем магчымасці, мы не маем інструментаў барацьбы з інфляцыяй, якая прыходзіць з-за мяжы". Другі момант: яны кажуць пра тое, што "мы спадзяёмся, што інфляцыйны ціск слабее". Я так не лічу.

Што будзе з курсам валют у 2022 годзе? Сяргей Чалы не бярэцца называць канкрэтных лічбаў, але мяркуе, што магчымы сцэнар 2014 года.

— Самі расіяне кажуць, што можа быць аслабленне [расійскага рубля. — Еўрарадыё] ў 20%. Проста паглядзіце на гісторыю 2014 года, калі расійскі рубель пачаў слабець у выніку "крымнаша" і наступных санкцый: ён гэта рабіў з вясны да канца года. Беларускі рубель трымаўся. Натуральна, што патэнцыял дэвальвацыі толькі назапасіўся, потым гэта ўсё парвалася.

Усё залежыць ад велічыні руху: калі аслабленне расійскага рубля будзе ніжэйшым, напрыклад, за 20% — гэта сур'ёзна, але не катастрафічна. Гэта не запатрабуе сур'ёзных змяненняў умоў кантрактаў. То тады і аслабленне беларускага рубля будзе з такім жа тэмпам.

А як толькі будзе пройдзена парогавае значэнне, якое патрабуе рэзкай рэакцыі манетарных уладаў, то тады ў нас беларускі рубель паспяхова з пералётам пераганяе расійскі. Заўсёды так было: пачынаючы з дэвальвацыі 90-х гадоў і заканчваючы гэтай апошняй гібрыднай дэвальвацыяй у перыяд Новага года 2014–2015.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.