Набываеце хатку з участкам? Праверце, каб іх потым не забрала дзяржава

У Беларусі ёсць спіс населеных пунктаў, дзе зямлю нельга прыватызаваць / Еўрарадыё
У Беларусі ёсць спіс населеных пунктаў, дзе зямлю нельга прыватызаваць / Еўрарадыё

Дзяржава зрабіла даступным спіс самых прынадных надзелаў зямлі ў Беларусі. Ён апублікаваны разам з пастановай Савета Міністраў №257. Сутнасць дакумента ў тым, што зямлю ў пералічаных населеных пунктах і садовых таварыствах нельга прыватызаваць. А прычына ў тым, што там залягаюць разведаныя карысныя выкапні. Раней такую інфармацыю давалі толькі ў выканкамах і іншых дзяржаўных установах.

Гэта значыць, што дамок, які вы нагледзелі пад лецішча, мог стаць катом у мяшку. Толькі падчас падрыхтоўкі да заключэння здзелкі пакупнік мог даведацца, што дзяржава гэты ўчастак зямлі ў прыватную ўласнасць яму не аддасць. Цяпер перад купляй можна папярэдне глянуць у спісе.

Пад Мінскам нельга атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасць у заходняй частцы Бараўлянаў, у вёсках Каралёў Стан, Слабодшчына, ва ўсходняй частцы Юхнаўкі, у аграгарадку Міханавічы і некаторых іншых. У гэтым раёне бяруць пясок і пясчана-жвіровую сумесь.

Такія ўчасткі ёсць ва ўсіх абласцях Беларусі. Напрыклад, пад Жабінкай. З яе ўлады даўно мараць зрабіць горад-спадарожнік Брэста, а цяпер прадаюць ідэю будаўніцтва IT-вёскі. У спіс трапілі тры садовыя таварыствы каля вёскі Здзітава. У акрузе здабываюць торф, гліну і бурштын.

Покупаете домик с участком? Проверьте, чтобы их потом не забрало государство
Дом можа быць у прыватнай уласнасці, а зямля — не / Еўрарадыё

Што рабіць тым, у каго ў населеных пунктах са спісу ёсць лецішчы, агароды і вясковыя хаты?

— Таварыш сказаў, што калі зямля непрыватызаваная, то ўжо і не прыватызуеш. І пры пераафармленні ўчастка на новага ўласніка статус зямельнага ўчастка зменяць з прыватнага на арандаваны, — пішуць у чаце жыхароў адной з такіх вёсак.

І гэта блізка да праўды. Розніца толькі ў тым, што ў Беларусі прыватызаваць зямлю наогул нельга — гэта народны тэрмін для афармлення права прыватнай уласнасці на ўчастак.

— Паняцця прыватызацыі зямлі ў нас у законе няма. Прыватызацыяй зямлі можна ўмоўна назваць сітуацыю, калі зямля знаходзіцца ў пажыццёвым спадчынным валоданні, напрыклад, і чалавек пераводзіць яе ў прыватную ўласнасць, — тлумачыць Еўрарадыё юрыст Раман Кісляк.

Прыватныя ўладанні можна прадаваць, дарыць, завяшчаць. Але калі выяўляецца, што зямля размешчаная ў месцы, дзе залягаюць карысныя выкапні — у населеным пункце з дакумента Саўміна — валодаць зямлёй у выглядзе прыватнай уласнасці ўжо нельга. Асабліва каштоўныя соткі могуць знаходзіцца ў пажыццёвым спадчынным валоданні.

— Вы дакументы можаце [на гэтую зямлю] зрабіць. Ёсць пажыццёвае наследаванне. Тады прадаць зямлю нельга, а пакінуць у спадчыну — можна, — кажуць у зямельным аддзеле аднаго з райвыканкамаў. — Калі там ёсць хатка, яе трэба зарэгістраваць.

Дом можа быць прыватызаваны, гэта значыць, знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. У такім выпадку з ім магчымыя ўсе віды здзелак — продаж, дарэнне, завяшчанне. Але аб'ектам здзелкі будзе толькі будынак, а вось зямля пойдзе «прычэпам» і так і застанецца ў пажыццёвым спадчынным валоданні.

Покупаете домик с участком? Проверьте, чтобы их потом не забрало государство
Спіс Саўміна палягчае задачу тым, хто шукае, дзе купіць хатку / Еўрарадыё

— Для людзей, якія жывуць на гэтых тэрыторыях, пастанова мала што мяняе. Хіба што, варта заняцца дакументамі тым, у каго ёсць старая ўласнасць. Напрыклад, бабуля з савецкіх часоў не афармляла ва ўласнасць зямельны ўчастак — як жылі адвеку, так і жылі — і па паперах ёсць толькі дом. У такім выпадку лепш схадзіць у выканкам і правільна ўсё зарэгістраваць, — працягвае Раман Кісляк.

Юрыст кажа, што нічога новага з юрыдычнага пункту гледжання ў гэтым дакуменце няма. Абмежаванні на прыватнае валоданне зямлёй былі ў законе і раней, проста цяпер спісы населеных пунктаў сталі адкрытымі.

Дзяржава так палягчае сабе задачу — абмяжоўвае права прадастаўлення зямлі ў прыватную ўласнасць на выпадак, калі трэба будзе распрацоўваць на гэтых землях карысныя выкапні. Тады ўлады адбіраюць участак для дзяржаўных патрэб без кампенсацыі ў памеры кадастравага кошту зямлі, але з кампенсацыяй кошту будынкаў або пасадак на гэтым участку. Гэта карысна мець на ўвазе тым, хто плануе абзавесціся зямлёй у вёсцы ці летнім дамком — спраўджвайце ў спісах, калі не хочаце пераймацца, што некалі давядзецца перасяліцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі