На юбілеі Камернага хора Беларусі прагучыць "Этна-фантазія" Ірэны Катвіцкай

26 кастрычніка ў межах XXXIX міжнароднага фестывалю мастацтваў "Беларуская музычная восень" адбудзецца юбілейны канцэрт Дзяржаўнага Камернага хора Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Побач з творамі Джузэпэ Вэрдзі, Сяргея Танеева, Ларысы Сімаковіч прагучаць фрагменты альбома "Этна-фантазія" спявачкі Ірэны Катвіцкай. Праўда раяля, неад'емнай часткі канцэпцыі "Фантазіі", слухач не пачуе. Яго заменіць хор, распавядае Ірэна:



"Хор выконвае дзве функцыі. Па-першае, ён выступае гарманічным і атмасферным суправаджэннем. А па-другое, гэта самастойны арганізм, які спявае таксама народныя мелодыі. Хор, як персанаж, як герой, стварае сцэнкі, якія адлюстроўваюць сутнасць абраду, напрыклад, кумлення паміж дзяўчынкамі, ці Каляд, як нейкага хаосу".



У выніку "Этна-фантазія" Ірэны Катвіцкай ператвараецца ў харавы цыкл з чатырох твораў. І ўяўляе сабой экскурс па народным календары беларусаў: пачынаецца з вясны ("Вясна-красна"), потым ідуць лета і восень (карагодная "Ні жар загоряе") і завяршаецца Калядой.



"Атрымаўся цікавы эфект. Таму што ад камернага гучання, прыватнага і інтымнага, "Этна-фантазія" крочыла да маштабнага шоў з вялікай колькасцю ўдзельнікаў,з хорам, з вялікім гукам", — кажа спявачка.



Рэжысёрам пастаноўкі "Этна-фантазіі" выступіла Ларыса Сімаковіч.



Канцэрт пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пачатак у 19.00.