На #ямыбацьку, які напаў на доктара хуткай, пачалі крымінальную справу

На #ямыбацьку, які напаў на доктара хуткай, пачалі крымінальную справу

На брэсцкага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі пачалі крымінальную справу за хуліганства (напад на доктара хуткай), піша TUT.by. 

Скандальны інцыдэнт здарыўся 5 студзеня. Нецвярозы 55-гадовы мужчына ў траўмапункце Брэсцкай лякарні хуткай меддапамогі гучна мацюкаўся, а потым стукнуў лекара Андрэя Ракалу па твары. Лекар хуткай атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і быў на бальнічным. 

Прысутныя медыкі знялі здарэнне на відэа. У роліку чуваць, як мужчына заяўляе, што медык выступаў супраць Лукашэнкі. 

У МУС пракаментавалі інцыдэнт так: "Паміж пацыентам і брыгадай завязаўся канфлікт з нагоды палітычных поглядаў. Па прыездзе брастаўчанін на вуліцы ўдарыў спачатку аднаго лекара, а ў холе — другога. Выхадку пацыента спыніў міліцыянт".

Доктар Андрэй Ракала расказваў, што ніякіх размоваў, а тым больш — на палітычныя тэмы, яны з пацыентам не вялі. Тым не менш п'яны мужчына, які нахвальваў Лукашэнку і міліцыю, стукнуў нагой фельчарку, пасля чаго медыкі выклікалі міліцыю. І ўжо ў прысутнасці міліцыянта пацыент напаў на доктара.

Нападнік пасля здарэння казаў журналістам, што перажывае за свае паводзіны, але мяняць свае палітычныя погляды не збіраецца. Сам ён, як выявілі журналісты, адстаўны вайсковец. На момант здарэння працаваў кіроўцам школьнага аўтобуса. Пасля скандалу яго з гэтай працы звольнілі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі