Вы тут

На волю выйшаў рэстаратар, якому тры гады таму далі 9 гадоў турмы за наркотыкі

Улад Брышталь (злева) / The Village

Мінскі рэстаратар Улад Брышталь, тры гады таму асуджаны да 9 гадоў турмы па наркатычным артыкуле, нечакана выйшаў на волю. Суўладальнік мінскіх бараў "Шцірліц" і "Тише мыши" правёў у зняволенні тры гады і два месяцы. Пра гэта піша "Наша Ніва". Пра тое, што Брышталь на свабодзе, выданню распавялі яго сябры.

"Цяпер ён абавязаны працаваць і выплачваць дзяржаве працэнт з заробку, яшчэ, здаецца, год і сем месяцаў. Ці будзе ён адкрываць нейкую ўстанову? Выглядае, не ведае і сам — ездзіць па барах, глядзіць, што і як уладкавана, прыглядаецца. Шмат жа чаго змянілася, ён садзіўся ў 2018, яшчэ да кавіду, да сітуацыі ў краіне. Іншыя ўмовы цяпер. Ды і шмат сяброў у РБ ужо не жывуць, сазваніліся па інтэрнэце, адчувае сябе нармальна", — расказаў знаёмы рэстаратара.

Брышталя "ўзялі" за распаўсюд наркотыкаў. У судзе ён патлумачыў свой занятак неабходнасцю зарабляць на лячэнне хворай дачкі, бо на працы пачаліся праблемы.

"Наша Ніва" тлумачыць, чаму Брышталь выйшаў на волю так рана. Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 328 "Незаконны абарот наркатычных сродкаў". На той момант за гэта давалі ад 8 да 15 гадоў турмы. Але ў 2019-м годзе былі прыняты змены ў тэрміны пакаранняў па 328-м артыкуле, і ніжняя планка апусцілася з 8 да 6 гадоў. Гэта пацягнула перагляды прысудаў. Стала магчымым і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Дзве амністыі 2019-га і 2020-га года таксама скінулі па годзе, потым праз змены заканадаўства пералічылі адзін дзень у СІЗА за паўтара дня ў калоніі. У выніку па адбыцці дзвюх трэціх пакарання з'явілася магчымасць замяніць калонію на папраўчыя работы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.