На Верхнядзвіншчыне ўшанавалі памяць загінулых жыхароў Росіцы

Сярод ахвяраў былі два святары — ксёндз Антоні Ляшчэвіч і ксёндз Юры Кашыра. Ксяндзам карнікі прапанавалі захаваць жыццё, але яны прынялі рашэнне заставацца са сваімі вернікамі да канца. Па рашэнні папы Яна Паўла ІІ, у 1999 годзе гэтыя святары былі далучаныя да ліку благаславёных.



У гэтым годзе ў Росіцу прыехала каля паўтысячы пілігрымаў. Гэта вернікі з Барысава, Глыбокага, Полацка, Наваполацка, Мінска, Браслава, а таксама іншых гарадоў нашай краіны. Прысутнічаў кіраўнік Верхнядзвінскага раёна Ігар Марковіч.



Адметнасць сёлетняга года – урачыстую Імшу памяці ўзначаліў новапрызначаны кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Пасля гэтага вернікі з запаленымі свечкамі рушылі да месца, дзе 71 год таму разам са сваімі святарамі прынялі пакутніцкую смерць жыхары Росіцы.



На месцы трагедыі адбылася супольная малітва, напрыканцы вернікі разам са святарамі праспявалі гімн “Магутны Божа”.



Пасля кожны мог асабіста паставіць свечку і памаліцца за бязвінна загінулых.



Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе, дзякуючы руплівасці пробашча Росіцкай святыні ксяндза Часлава Курэчкі, месца пахавання ахвяр было абгароджана і добраўпарадкавана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі