Вы тут

На вечары памяці Сяргей Румас выступіў перад аўстрыйскім канцлерам па-беларуску

Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і міністр замежных спраў Уладзімір Макей / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

28 сакавіка ў Мінску прайшоў вечар памяці, прымеркаваны да адкрыцця помніка аўстрыйскім яўрэям, знішчаным фашыстамі ў лагеры смерці “Трасцянец”. Вечар праводзіла амбасада Аўстрыі ў Беларусі, на яго прыехаў 32-гадовы канцлер краіны Себасцьян Курц.

 

Себасцьян Курц / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Мерапрыемства наведалі прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Румас звярнуўся да прысутных па-беларуску.

“Адкрыццё аўстрыйскага манумента “Масіў імёнаў” у Трасцянцы — яркі прыклад таго, як тэрыторыя смерці і небыцця нашымі сумеснымі намаганнямі можа стаць тэрыторыяй памяці і нагадвання, як з трагедыі мінулага вырастае партнёрства і супрацоўніцтва сучасных пакаленняў, накіраванае на стварэнне супольнай будучыні. Урад Беларусі ўдзячны ўсім партнёрам за супрацоўніцтва, што дазволіла зрабіць мемарыял у Трасцянцы аб’ектам агульнаеўрапейскай памяці, якое раскрывае антычалавечую сутнасць нацысцкай ідэалогіі ў дачыненні да мірнага насельніцтва Еўропы”, — заявіў Румас.

Сяргей Румас / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Крыху раней 29 сакавіка ў Трасцянцы адкрылі мемарыял “Масіў імёнаў”. На ім высечаныя імёны дзесяці тысяч аўстрыйскіх яўрэяў, забітых у лагеры смерці пад Мінскам.

“Мы не можам больш адводзіць вочы, выцясняць з памяці тое, што здарылася тут, на беларускай зямлі. Мы хочам, каб гэты помнік нашым ахвярам стаў знакам таго, што іх імёны вырваныя з забыцця, і жэстам абвінавачвання ў злачынствах, учыненых супраць іх, а таксама сімвалам нашага смутку”, — сказаў Себасцьян Курц.

Студэнтскі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інесы Бадзяка / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Дэпутатка Ганна Канапацкая, Сяргей Румас і Себасцьян Курц / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Себасцьян Курц і Уладзімір Макей / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё