Вы тут

На сметніку ў Мінску знайшлі вядро з уранам (фота)

minsk.mchs.gov.by

14 сакавіка ў 11:16 мінскім ратавальнікам затэлефанаваў інжынер ЖЭУ. Ён паведаміў, што на пляцоўцы для смецця на вуліцы Сердзіча, 3 ляжаць падазроныя прадметы са знакам "Небяспечна. Радыеактыўныя рэчывы або іянізавальнае выпраменьванне".

Як інфармуе прэс-служба МНС, на месца выкліку выехаў аўтамабіль хімічнай і радыяцыйнай абароны.

На кантэйнернай пляцоўцы ратавальнікі пабачылі белае пластыкавае вядро са шклянымі і пластыкавымі ёмістасцямі ў ім. На іх быў знак "Небяспечна. Радыеактыўныя рэчывы або іянізавальнае выпраменьванне".

Ратавальнікі агарадзілі месца здарэння. Замеры паказалі, што радыяцыйны фон на адлегласці аднаго метра ад ёмістасцяў перавышаны ў чатыры разы. За два метры ад знаходкі радыяцыйны фон не перавышаў норму.

Ратавальнікі выявілі пяць ёмістасцяў з парашкападобнымі рэчывамі: ураніл хлорысты — 2 слоікі (па 1 кг), ураніл азотнакіслы — 1 слоік (1 кг), ураніл сернакіслы — 1 слоік (1 кг), уран трохкіслы — 1 слоік (1 кг).

Пасля канфіскацыі ёмістасцяў замеры паказалі, што радыяцыйны фон у норме. 
Знойдзеныя ёмістасці адпраўленыя на экспертызу ў ДНУ "АІЭЯД-Сосны".

На месцы здарэння працуюць аператыўныя службы, каб выявіць прычыны здарэння.