На рынках прадаюцца наркотыкі?

“Булачкі з макам знікнуць з прылаўкаў”, “мак цяпер прыраўноўваецца да наркотыкаў”. Гэтыя чуткі не беспадстаўныя, хоць і перабольшаныя. Нагодай для іх стала заява Міністэрства ўнутраных спраў пра тое, што з маку робяць опіум і з гэтым трэба неяк змагацца. Многія прадаўцы сухафруктаў сцвярджаюць, што іх гаспадары ім увогуле забаранілі прадаваць мак. Я ўзяла дыктафон і паехала на харчовы рынак, дзе, як сцвярджаюць, мак можна свабодна набыць.

Загаворваючыся, прадавачкі распавядалі, што сапраўды прыходзяць хлопцы за макам, што іх “бачна за кіламетр”, але потым ачомваліся, бо “начальства зволіць і шмат будзе праблем”.

Прадавачка:
“На рынках прадаюць мак. Наркаманы пакупаюць, пасля прыходзяць і крычаць: “Што гэта ён у вас слабы!..”

Прадаўцы стаяць і не разумеюць спачатку, гэта ж харчовы звычайны мак. Увогуле наркаманы выкарыстоўваюць мак, які называецца сырэц. Гэта не залежыць ад колькасці ў ім “смецця”, саломак.

Сырэц — гэта непрасушаны мак, сыры. Невядома, якімі шляхамі ён сюды ідзе. Ён пад рознымі маркамі. Ціпа Польшча, Францыя… Чорны гэта не сырэц, трэба рознакаляровы, з рознымі “губкамі”, як яны называюць”.

Ужо не на дыктафон, а так, проста, прадавачка распавяла, што забароны на продаж маку мала дапамагаюць. Яго ўсё роўна прадаюць на іхнім рынку.

Пра планы чыноўнікаў яна не ведала, але даведаўшыся пра іх ад нас, не паверыла, што нешта зварушыцца.

Ва Упраўленні па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў мне сказалі, што ніякай канкрэтыкі пакуль няма. Ёсць ідэі таго, як кантраляваць імпарт мака. Гаворыць старшыня арганізацыі Алег Пякарскі:

“Варыянтаў шмат. Прамываць, прасмажываць, адмовіцца ад некаторых відаў мака, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, фасаваць мак у вельмі маленькія пачкі. Правадзіць папярэднюю экспертызу перад растаможкай мака.

Ёсць розныя спосабы вырашыць гэтае пытанне. Зараз мы будзем абмяркоўваць, які з іх найбольш эканамічны і прымальны. А што выбярэм, пакуль не ведаю, можа, будзе комплексны падыход. Гэтым пытаннем займаюцца ўжо 10 гадоў”.

Пакуль жа мак, які едзе ў Беларусь, правяраюць толькі на звычайныя харчовыя нормы і адпаведнасць стандарту. То бок высвятляюць, ці не атруціць ён чалавека, ці пераварыцца страўнікам.

Кантраляваць трафік мака ўжо спрабавалі ў Расіі, але і там гэта засталося на стадыі абмеркавання. Тым не менш Беларусь арыентуецца на расійскі досвед.

Пра тое, якія патрабаванні выпрацоўвалі нашы суседзі распавядае Рамуальд Андрыеўскі, сябра створанай у Мінску камісіі па пытаннях упарадкавання рэалізацыі мака.

Рамуальд Андрыеўскі: “Экспарцёр мусіць прадставіць сертыфікат якасці на партыі мака, які ён пастаўляе. Там мусіць быць абавязковае ўказанне адсутнасці наркатычных сродкаў ці прымясей саломы ці рэшткаў каробачак маку.

Імпарцёр пры ўвозе насення маку павінен праводзіць абавязковы папярэдні кантрольны аналіз прадукцыі. Ён мусіць параўнаць гэтыя дадзеныя з тымі, што дае экспарцёр.

Там вывучаюць магчымасць прыцягнення да ўгалоўнай адказнасці асобаў, бо нярэдка насенне мака наўмысна дрэнна ачышчаецца”.

Алег Пякарскі агучыў дадзеныя, па якіх з аднаго кілаграма мака атрымліваецца 5-6 наркатычных доз. У параўнанні з пачаткам мінулага года каштаваць на рынку гэты кілаграм стаў больш чым у 10 разоў даражэй.

Чыноўнікі ведаюць пра гэта, гандляры бачаць на свае вочы. Падлеткі гэтую статыстыку ствараюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі