На расійскіх санкцыях Беларусь заробіць. Павышэнне цэн

Санкцыі, уведзеныя Уладзімірам Пуціным ў адказ на ціск Захаду, здаецца, больш здзівілі саміх расіян, чым ЕС, ЗША, Канаду, Аўстралію і Нарвегію. У смаленскай краме “Мікалаеўская” Еўрарадыё расказваюць, што пакуль “усё ціха”.

“Ой, вы ведаеце, што я вам магу сказаць… Я ж звычайны прадавец. Пакуль усё ціха, возяць усё, што і вазілі”, — са смехам расказвае мне супрацоўніца крамы.

А таксама дадае, што на паліцах “Мікалаеўскай” насамрэч шмат прадуктаў з “чорнага спіса”. Сыр, рыба, садавіна. Што можа іх замяніць, пакуль незразумела.

Спіс забароненых для ўвозу ў Расію прадуктаў публікуецца расійскім урадам удзень 7 жніўня. Там усе віды ялавічыны і свініны, птушка, малако і малочныя прадукты, рыба і морапрадукты, каўбасы, садавіна і гародніна. І нават арэхі. Усё гэта на год забаронена ўвозіць у Расію з краін Еўрасаюза, ЗША, Канады, Аўстраліі і ўсіх іншых, хто ўвёў апошнім часам санкцыі супраць Расіі. Пры гэтым Расія дагэтуль імпартавала 70% садавіны і 30% мяса. Акурат з ЕС, ЗША і Аўстраліі. Беларускія вытворцы радуюцца:

“Вядома, мы спадзяемся на павелічэнне паставак у Расію ў сувязі з гэтым. Але пакуль рана гаварыць, трэба пачакаць рэальнай забароны, ацаніць вынікі. Пакуль 80% нашага экспарту ідзе ў Расію”, — расказвае Еўрарадыё намеснік кіраўніка Аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці магілёўскай “Бабулінай крынкі” Андрэй Раніца.

Што праўда, вялікі попыт на расійскім рынку можа нечакана ўдарыць па беларусах павышэннем цэнаў. Эканаміст гаворыць, што павялічыць экспарт без стратаў для ўнутранага рынку будзе вельмі няпроста. Калі ўвогуле магчыма.

“На дадзены момант у структуры нашых адгрузак 70% займае экспарт і толькі 30% — унутраны рынак. Павялічыць экспарт без стратаў для ўнутранага рынку не бачыцца магчымым. Таму варта чакаць такога эфекту, як павышэнне цэнаў”.

Пра выгаду для беларускіх харчовых прадпрыемстваў расказвае і намеснік дырэктара Аршанскага сырзавода па камерцыйных пытаннях Міхаіл Жданоўскі. Маўляў, беларусы хутчэй зарыентуюцца ў патрэбах расіян, чым якія-небудзь бразільцы.

“Па вялікім рахунку, тыя, хто робіць малочную прадукцыю, сыры цвёрдыя, масла, тыя выйграюць адназначна. Пакуль Бразілія збярэ заяўку (смяецца), пакуль карабель адправіць, нашыя вытворцы хутчэй зарыентуюцца. Беларусь побач. Адзінае, што цэны вырастуць”.

А вось наконт унутранага рынку эканаміст спакойны. Гаворыць, што беларускі ўрад і не з такім спраўляўся.

“Што значыць абваліць рынак? Вы ж ведаеце, што ў Беларусі ёсць такое паняцце, як сацыяльна значныя прадукты. У любым выпадку гэта рэгулюецца адміністрацыйна. Так было і тады, калі ў нас так званы дэфолт быў. Даводзіліся фабрыкам патрэбныя аб’ёмы прадукцыі для паставак у асобныя рэгіёны. Гэта адміністрацыйны рэсурс”.

Тым часам Пуцін ужо тэлефануе Лукашэнку і Назарбаеву, просіць узгадніць “агульную эканамічную палітыку” ў сувязі з уведзенымі Расіяй санкцыямі. Самы час памаліцца, каб Мінск раптам не надумаў да іх далучыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі