ЗША часткова прыпынілі санкцыі супраць расійскай нафты
ЗША прыпынілі санкцыі на пастаўкі расійскай нафты, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
ЗША часткова прыпынілі санкцыі супраць расійскай нафты. Раней на гэтым тыдні міністр энергетыкі Крыс Райт заяўляў пра адсутнасць такіх планаў.
Пра новае рашэнне амерыканскіх уладаў паведаміў кіраўнік Мінфіна Скот Бэсант. Ён сказаў, што "на жаль" Расія атрымае фінансавую выгаду ад такога кроку ЗША, "але мы спадзяёмся, што гэта будзе [на] кароткі перыяд".
На 30 дзён прыпыняецца забарона на расійскую танкерную нафту. Вядома, гэта зроблена не для саміх ЗША, а для краін, якія пасля вымушанай адмовы ад расійскіх энерганосьбітаў разлічвалі на пастаўшчыкоў з Персідскага заліву — напрыклад, для Індыі. У выніку вайны ў Іране такія пастаўкі сталі праблематычнымі.
Еўрапейскія санкцыі застаюцца, вялікая частка марскіх шляхоў закрытая для расійскіх танкераў.
Тым часам сусветныя цэны на нафту растуць. Расія ў выніку гэтага павышэння атрымлівае каля 150 млн долараў у дзень, піша The Financial Times са спасылкай на аналітыкаў.
Як кажуць эксперты нафтагазавага рынку, да канца сакавіка Масква можа ў суме атрымаць ад 3,3 млрд да 4,9 млрд долараў дадатковага прыбытку, калі сярэдняя цана на расійскія сарты нафты складзе 70-80 долараў за барэль. Цяпер цэны якраз застаюцца ў гэтым калідоры.
Яшчэ ў лютым барэль расійскай нафты прадавалі за 45 долараў.