На расійскага палітолага Балкунца ў Беларусі пачалі справу за абразу Лукашэнкі

На расійскага палітолага Балкунца ў Беларусі пачалі справу за абразу Лукашэнкі

Генпракуратура пачала крымінальную справу на палітолага Дзмітрыя Балкунца за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Праўладны тэлеграм-канал "Желтые сливы" падмацаваў навіну скрыншотам з відэа пад назвай: "Болкунец: я считаю Лукашенко фашистом и убийцей". Верагодна, гэтыя словы і сталі падставай для крымінальнай справы.

Балкунцу 38 гадоў, ён нарадзіўся ў Слоніме. Апошнія некалькі гадоў ён пражывае ў Расіі, працуе аналітыкам Інстытута развіцця інтэграцыйных працэсаў пры Акадэміі знешняга гандлю Расіі, каментуе беларуска-расійскія адносіны.

У каментары Радыё "Свабода" Балкунец пацвердзіў, што крымінальную справу за яго пачалі менавіта за выказванне на Youtube-канале Balaganoff. Крымінальную справу ён лічыць спробай заткнуць рот.

"У мяне спыталі, ці лічу я Лукашэнку забойцам, тэрарыстам і фашыстам. Я адказаў, што так, лічу. Лукашэнку абвінавачваюць у палітычных забойствах. Ён сам казаў, як па ягоным загадзе забівалі без суда і следства, казаў пра гэта публічна. Ці ён тэрарыст? Так. Ён тэрарызуе Беларусь. Ён стварыў у Беларусі фашысцкі рэжым. І ён больш не прэзідэнт, таму я не мог абразіць прэзідэнта. Я думаю, што па такім артыкуле ў Беларусі можна ўзбудзіць некалькі мільёнаў крымінальных справаў. Гэта проста спроба заткнуць рот", — цытуе "Свабода" словы палітолага.

Балкунец дадаў, што не баіцца гіпатэтычнай перадачы яго Беларусі: "Лукашэнка атрымае толькі мой труп. Калі будзе перадача, то мяне прывязуць у труне, і хай Лукашэнка яе носіць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі