На працу ў Беларусь прыляцелі больш за 200 узбекаў
Працоўныя мігранты прыбылі ў Беларусь / Прэс-служба агенцтва міграцыі пры ўрадзе Узбекістана
13 ліпеня ў Беларусь прыляцелі больш за 200 грамадзян Узбекістана. Плануецца, што яны будуць працаваць у сельскай гаспадарцы і жывёлагадоўлі. Пра гэта паведаміла прэс-служба агенцтва міграцыі пры кабінеце міністраў Узбекістана.
Даставілі працоўных мігрантаў чартарным рэйсам. Паведамляецца, што яны прыбылі ў рамках пагаднення, падпісанага з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Раней паведамлялася, што працаваць яны будуць у Бешанковіцкім, Віцебскім, Лёзненскім і Шумілінскім раёнах.
Працоўных мігрантаў з Узбекістана Лукашэнка запрасіў пасля таго, як не ўдалося завабіць у Беларусь запланаваных 150 тысяч мігрантаў з Пакістана. З дапамогай працоўнай міграцыі ўлады спадзяюцца вырашыць праблему недахопу працоўных рук — асабліва ў сельскай гаспадарцы.
Дарэчы, на сустрэчы з Шаўкатам Мірзіёевым Лукашэнка запрашаў узбекскіх эмігрантаў прыязджаць у Беларусь сем'ямі. Аднак на відэа ўзбекскага агенцтва міграцыі бачна, што прыляцелі толькі мужчыны.