На наступным тыдні “Манифест” “ляпісаў” з'явіцца ў Беларусі на CD

Паміж 7 і 10 кастрычніка лэйбл “West Records” збіраецца выкласці на вітрыны музычных крамаў CD з апошнім альбомам гурта “Ляпис Трубецкой” пад назвай “Манифест”. Пра гэта “Еўрарадыё” паведаміла супрацоўніца pr-аддзел кампаніі Саша Рогач. Саша Рогач: “Альбом “Манифест” гурта “Ляпис Трубецкой” будзе выдадзены кампаніяй “West Records” з 7 па 10 кастрычніка. Гэта 100%, усе дамовы падпісаныя, Міхалок ужо ўсё падпісаў. Зараз ужо гатовая паліграфія, і некалькі дзён таму мы адправілі на вытворчасць майстар-дыск”.

Трэба зазначыць, што выданне альбому адбудзецца насуперак радыкальнай пазіцыі ў дачыненні да шоў-бізу, якую вакаліст “Ляписа Трубецкого” Сяргей Міхалок агучыў два тыдні таму. 25 верасня музыкі выклалі свой “Манифест” на некалькіх пляцоўках у інтэрнэце, і нават сёння яго можа свабодна спампаваць кожны наведнік сусветнага сеціва. Гэты шчодры падарунак меламанам сп. Міхалок патлумачыў праз медыі наступным чынам:

“Галоўная задача сучаснага творчага чалавека – пераасэнсаваць і адаптаваць пад цяперашнія рэаліі прынцып DIY (do it yourself). І гэта датычыцца не толькі анарха-панк-культуры, але незалежнага мастацтва ўвогуле. Карпарацыі, медыя-холдынгі, рэкард-лэйблы і іншыя монстры шоў-бізнэсу – гэта згубны фактар для любых свежых ідэяў… Адзіная магчымасць змагацца з калямузычнай сістэмай – трэба ўсім выкладаць музыку ў інтэрнэт”.

Праўда, прадзюсер гурта “Ляпис Трубецкой” Яўген Калмыкоў сцвярджае, што барацьбіта з сістэмай з Сяргея Міхалка зрабілі журналісты. Маўляў, ніхто не казаў, што адначасова з выкладаннем альбома ў сеціве яго нельга выдаць на кружэлках.

Яўген Калмыкоў: “Наконт прасоўвання да мяне звяртаецца шмат хто з беларускіх музыкаў. І я ўсім кажу пра інтэрнэт. Праз інтэрнэт яны змогуць лягчэй і хутчэй дайсці да мэты!”

Да якіх мэтаў імкнуўся гурт “Ляпис Трубецкой”, калі выкладаў “Манифест” у сеціве? Па-першае – дагрукацца да новых аўдыторыяў з новымі песнямі, не падобнымі да запісаных на кружэлцы "Капитал". Па-другое (і гэта высвятляецца толькі зараз!) – падтрымаць продаж кампакт-дыскаў, якія днямі з'явяцца ў беларускіх крамах. Па-трэцяе (і гэта можа высветліцца толькі праз нейкі час!) – патлумачыць магчымае зніжэнне продажаў “Манифеста” ў параўнанні з гітовым "Капиталом", які ў мінулым годзе стаўся для "ляпісаў" сапраўдным прарывам.

Такім чынам, дэклараваная Сяргеем Міхалком пагарда да шоў-бізу зараз уяўляецца не больш, чым удалым ходам у межах прамоцыі новага альбома “Ляписа Трубецкого”. Пра гэта сведчыць і тое, што 30 верасня “Манифест” з'явіўся у выглядзе традыцыйнага кампакт-дыску ў расійскіх крамах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі