На месцы Лоеўскай бітвы валанцёры ладзяць талаку (фота)

У Лоеве праходзіць талака па ўпарадкаванні месца Лоеўскай бітвы. Яна стала найважнейшым этапам у гісторыі казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гадоў.

У першы дзень валанцёры прыбралі тэрыторыю вакол памятнага каменя, усталяванага на месцы размяшчэння вайсковага лагера Януша Радзівіла. 2 жніўня, у другі дзень валанцёрскага летніка, плануецца паставіць на месцы пачатку бітвы замест старога драўлянага крыжа новы металічны, а таксама памяняць вакол яго агароджу.

Мясцовы гісторык і краязнаўца Мікалай Анісавец знаёміць валанцёраў з гісторыяй падзей, якія разгарнуліся тут роўна 366 гадоў таму. Само месца знайшоў у 1997 годзе выкладчык Лоеўскага педагагічнага каледжа Міхаіл Бутанаў. Тады і быў усталяваны крыж. Праўда, кажа Анісавец, на шыльдзе дапусцілі памылку: бітва тут не адбылася, а толькі пачалася. Выпраўленне памылкі таксама ўзялі на сябе валанцёры.

Мясцовыя краязнаўцы ўжо не першы год дбаюць, каб месца стала турыстычным. Аднак з боку ўладаў крокаў насустрач пакуль няма:

Анісавец: “Ёсць планы, яны ў аблвыканкам перададзеныя. Ёсць рашэнне ўсталяваць памятны знак тут. Прычым гэта было рашэнне на 2010 год. Зараз ужо 2015-ы, знак гэты не ўсталяваны. Тут толькі тое, што зрабілі краязнаўцы мясцовыя: крыж паставілі на Гладкім полі, на месцы лагера ўсталявалі знак памятны”.

Анісавец лічыць, што на нежаданне дзяржавы займацца добраўпарадкаваннем месца ўплываюць міждзяржаўныя стасункі. На яго думку, чыноўнікі мяркуюць, што пад Лоевам беларусы нанеслі паразу Украіне.

Гісторык лічыць месца ўнікальным: на яго думку, гэта адзіная палявая фартыфікацыйная пабудова, якая захавалася на сённяшні дзень у Еўропе.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі