Вы тут

На матчы Аргенціна — Ісландыя Марадона курыў і паказваў расісцкія жэсты

Фота: Твітэр

Былы трэнер сборнай Аргенціны, а цяпер — старшыня праўлення ФК “Дынама-Брэст” Дыега Марадона адзначыўся ненарматыўнымі паводзінамі на матчы Аргенціна — Ісландыя ў Маскве. Ён наведаў гульню 1 тура ў групе D сусветнага першынства — матч прайшоў 16 чэрвеня і скончыўся нічыёй з лікам 1:1.

Спачатку легендарны футбаліст парушыў правілы наведвання стадыёна, якія забараняюць курыць на трыбунах — Марадона глядзеў матч з цыгарай у зубах. Потым журналістка ВВС Джэкі Оўтлі абвінаваціла знакамітасць у расісцкім жэсце, паказаным карэйскім фанатам. Паводле Оўтлі, заўзятары з Паўднёвай Карэі крычалі з трыбуны “Дыега”. У адказ Марадона ўсміхнуўся ім, даслаў паветраны пацалунак, а затым расцягнуў куточкі вачэй у “яўна расісцкім жэсце”. Відавочцы былі ў шоку.

Пазней Марадона выбачаўся за курэнне на стадыёне. Ён заявіў, што гэта быў цяжкі дзень для ўсіх аргентынцаў, а да таго ж ён не ведаў, што нікому нельга курыць на трыбуне, паведамляюць замежныя СМІ.