На Магілёўшчыне выявілі радыяцыйныя грыбы і журавіны

На Магілёўшчыне выявілі радыяцыйныя грыбы і журавіны

У Магілёўскай вобласці выявілі перавышэнне радыяцыі ў грыбах і ягадах, сабраных у кастрычніку ў лясах. Перавышэнне нормы радыянукліда цэзію-137 выяўлена ў 17 пробах дзікарослай прадукцыі. Пра гэта піша mogilevnews.by са спасылкай на аддзяленне радыяцыйнай гігіены і лабараторыі радыяцыйнага кантролю Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
 
У прыватнасці, перавышэнні зафіксаваныя ў шасці пробах журавінаў, дзвюх пробах марожаных чарніцаў і дзевяці пробах розных грыбоў. Сярод ягад максімальнае перавышэнне — амаль у 2 разы — выявілі ў журавінах, сабраных каля вёскі Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна (364,4 Бк/кг пры нарматыве 185 Бк/кг). Амаль утрая была перавышаная норма радыеактыўнасці ў польскіх грыбах, сабраных каля вёскі Чырвоны Асавец Быхаўскага раёна (1012 Бк/кг пры нарматыве 370 Бк/кг).
 
"Забруджаныя" ягады былі сабраныя ў Краснапольскім, Мсціслаўскім, Слаўгарадскім раёнах Магілёўшчыны і ў Гомельскай вобласці. Грыбы з перавышэннем радыяцыйнай нормы былі сабраныя ў Крычаўскім, Магілёўскім, Чэрыкаўскім, Быхаўскім раёнах.
 
Спецыялісты нагадваюць, што правяраць ягады пры дапамозе дазіметра не мае сэнсу. Гэты апарат паказвае толькі "фонавы" ўзровень радыяцыі, а не ўтрыманне тых радыянуклідаў, якія ўвабралі ў сябе ягады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі