На Днепрапятроўшчыне расійскі дрон пацэліў у грамадзянскі цягнік
Цягнік, у які пацэліў расійскі дрон / Аляксей Кулеба / Facebook
У Крыварожскім раёне Днепрапятроўскай вобласці расійскі дрон пацэліў у адзін з вагонаў прыгараднага цягніка, які знаходзіўся ў руху. Пры атацы загінуў адзін чалавек. Гэтыя звесткі пацвердзілі віцэ-прэм'ер па аднаўленні Украіны — міністр развіцця супольнасцяў і тэрыторый Аляксей Кулеба і Украінская чыгунка.
Траўмы атрымалі, паводле папярэдняй інфармацыі, сем чалавек, перадае hromadske.ua.
У Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі кажуць, што загінулы мужчына памёр у шпіталі. У ліку пацярпелых ёсць 10-гадовая дзяўчынка і 17-гадовы хлопец.
Пасля атакі лакаматыўная брыгада адразу спыніла цягнік. Пасажыраў эвакуявалі і аказалі ім першую медыцынскую дапамогу. Пацярпелых адправілі ў бальніцы для далейшай дапамогі.
На месца аператыўна прыбылі ратавальнікі ДСНС, чыгуначнікі і фельчар з бліжэйшых станцый і дэпо.