МЗС Расіі не кантактуе са Сноўдэнам наконт палітычнага прытулку

У пятніцу на сустрэчы з праваабаронцамі ў транзітнай зоне маскоўскага аэрапорту “Шарамецьева” Эдвард Сноўдэн заявіў пра жаданне папрасіць палітычнага прытулку ў Расіі і для яго атрымання выканаць усе ўмовы.





Але кіраўнік расійскага Міністэрства замежных справаў Сяргей Лаўроў у суботу, 13 ліпеня заявіў журналістам, што яго ведамства не кантактуе з былым супрацоўнікам ЦРУ.





“Мы не кантактуем са Сноўдэнам, і пытанні, якія ён учора абмяркоўваў з праваабаронцамі, дастаткова шырока асвятляліся ў СМІ. Я з імі азнаёміўся таксама, як і ўсе астатнія. Для атрымання палітычнага прытулку расійскія законы прадугледжваюць пэўную працэдуру. Першым крокам у гэтай працэдуры з’яўляецца афіцыйны зварот у Федэральную міграцыйную службу”, — сказаў Лаўроў.



Міграцыйная служба ў сваю чаргу ў пятніцу паведаміла, што не атрымлівала заявы ад Сноўдэна, інфармуе РИА Новости.



Былы супрацоўнік амерыканскіх спецслужбаў у пачатку ліпеня папрасіў Расію даць яму палітычны прытулак. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін пасля гэтага заявіў, што Сноўдэн мог бы застацца ў Расіі пры ўмове, што спыніць сваю дзейнасць супраць ЗША.