МЗС Польшчы: Мы за прыпыненне санкцый у дачыненні Макея

Як ужо раней паведамляла Еўрарадыё, у панядзелак на паседжанні Савета ЕС па замежных справах у Люксембургу было прынята рашэнне прыпыніць санкцыі супраць міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з 25 чэрвеня. Гэта мера была прынятая дзеля спрашчэння дыпламатычных кантактаў паміж Еўрасаюзам і нашай краінай.



Як заявіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі, Польшча выступае за прыпыненне санкцый ЕС у дачыненні Уладзіміра Макея, інфармуе Polskie Radio.

Адзначым, што кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі па-ранейшаму застаецца ў "чорным спісе" Еўрасаюза. ЕС абяцае вярнуцца да новага разгляду "беларускага пытання" сёлета ў кастрычніку. Тады ж прымуць і рашэнне наконт далейшага прыпынення санкцый у адносінах да Макея.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што прыпыненне санкцый супраць Макея — гэта параза Еўропы. Прыпыняючы санкцыі, Брусэль адмаўляецца ад прынцыповай пазіцыі па беларускіх палітвязнях, адзначыў ён.

 

Фота — bymedia.net