Вы тут

МЗС Беларусі заявіла пратэст амбасадару Ізраіля

pixabay.com

У МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Ізраіля, паведамляе прэс-служба ведамства на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. 

Паводле звестак беларускіх дыпламатаў, ад пачатку кастрычніка 18 нашым суграмадзянам было адмоўлена ва ўездзе ў Ізраіль. 7 кастрычніка ў аэрапорце Тэль-Авіва ізраільскія міграцыйныя ўлады не прапусцілі адразу 11 беларусаў, якія прыбылі рэйсам "Белавія".

"Нашы грамадзяне, якія накіроўваліся на адпачынак, на сустрэчы з роднымі, блізкімі і сябрамі ў чаканні магчымасці паляцець назад на Радзіму па некалькі сутак знаходзяцца ў цэнтрах часовага ўтрымання. Сярод вядомых нам прычын адмовы ва ўездзе няма ніводнага фактычнага парушэння", — падкрэсліваецца ў заяве МЗС.

Замежнапалітычнае ведамства Беларусі прызнае за кожнай краінай права матывавана абмяжоўваць уезд на сваю тэрыторыю. "Але дадзеная сітуацыя беспрэцэдэнтная", — лічаць беларускія дыпламаты. 

Яны падкрэсліваюць, што Беларусь не з'яўляецца донарам нелегальнай міграцыі: "Мы займаем першае месца ў свеце па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва з самым нізкім узроўнем адмоваў, што сведчыць пра законапаслухмянасць нашых грамадзян. І такіх праблем не ўзнікае ў Рэспублікі Беларусь ні з адной іншай краінай свету".

Амбасадару Ізраіля быў выказаны пратэст. Пагатоў, што паміж Беларуссю і Ізраілем дзейнічае пагадненне аб бязвізавых паездках. "Аднак ізраільскі бок сваімі дзеяннямі дыскрэдытуе ўвесь гэты працэс. Практыка адмоваў ва ўездзе беларускім грамадзянам пачынае набываць масавы характар ​​і для нас з'яўляецца прынцыпова непрымальнай", — адзначаецца ў заяве прэс-службы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.