Вы тут

Вуліцам Драгічына дадуць рускія назвы: "Мыслівец падноска Айвазоўскага не варты"

Военачальнік Георгій Жукаў і пісьменнік Васіль Быкаў / Еўрарадыё

У Драгічыне мясцовыя ўлады вынеслі на грамадскае абмеркаванне назвы праектаваных вуліц. На сайце райвыканкама гэтыя вуліцы першапачаткова названыя "Маскоўская", "Пятра Баграціёна", "Івана Айвазоўскага", "Георгія Жукава". У сацсетках дзівяцца: маўляў, якое дачыненне мае "Айвазоўскі" ці "Маскоўская" да Драгічына? "Просім выбіраць для назваў вуліц у Драгічыне імёны, звязаныя з краем, а не выдзіраць выпадковых людзей з расійскага пантэона",пішуць у петыцыі да Драгічынскага райвыканкама нязгодныя грамадзяне.

Райвыканкам "па змоўчанні" прапанаваў назвы вуліц у гонар савецкага военачальніка Георгія Жукава і расійскага камандуючага Пятра Баграціёна / Еўрарадыё

Еўрарадыё датэлефанавалася галоўнаму архітэктару раёна Мікалаю Крэйдзічу. Ён кажа, што гэтыя назвы — не канчатковыя.

— Калі ласка, уносьце прапановы, будуць разглядацца. Па выніках абмеркавання будзе прынята рашэнне.

А хто прапанаваў імёны рускіх палкаводцаў і рускага мастака?

— Райвыканкам прапанаваў такія назвы. Я што? Я выканаўца, я афармляю дакументы. Мне сказалі вось такія назвы — я пішу хадайніцтва, — адказвае Еўрарадыё архітэктар. — Ужо ёсць некалькі зваротаў ад грамадзян. Замест вуліцы Маскоўскай прапануюць вуліцу Свету. Таксама прапануюць назваць новыя вуліцы ў гонар Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава. Ёсць варыянт назваць вуліцу імем Юрыя Блінава — праўда, хто гэта такі, я не ведаю.

Беларускія дзеячы культуры: мастак Язэп Драздовіч і пісьменнік Васіль Быкаў / Еўрарадыё

Падказваем Мікалаю Крэйдзічу, што Юрый Блінаў — ураджэнец Драгічына, вядомы піяніст і сузаснавальнік футбольнага клуба "Крумкачы".

— А, так-так, Блінаў — зямляк, па-мойму, неяк з музыкай звязаны, — прыгадвае архітэктар.

Яшчэ адзін варыянт назвы вуліцы, прапанаваны жыхарамі, — вуліца імя Пятра Мысліўца, палескага мастака-пейзажыста, які памёр у лютым 2021 года. У размове з Еўрарадыё намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама Уладзімір Нерад здзіўляецца, што кагосьці абурае тое, што беларускія вуліцы могуць назваць імёнамі расійскіх дзеячаў.

Намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама Уладзімір Нерад / "Аднакласнікі"

— Ну вось прапануюць назваць імем Пятра Мысліўца. А чым вам Айвазоўскі не падабаецца? — пытаецца чыноўнік. — Мыслівец яго падноска не варты. Так, Айвазоўскі рускі, а Мыслівец наш зямляк, ну і што? Але я асабіста не супраць Мысліўца, хай прапануюць.

Прапануюць тут вуліцы імёнамі "афганцаў" назваць. Ды хай паглядзяць, імёнамі ўсіх герояў ужо названыя вуліцы, хай горад спачатку вывучаць. А Баграціён чым вам не падабаецца? А Жукаў?

Таго, хто менавіта прапанаваў рускія назвы, намеснік старшыні не называе. Кажа, што "прыходзілі грамадзяне, шмат хто прапаноўваў, у тым ліку і райвыканкам". Пытаемся ва Уладзіміра Нерада: ёсць варыянт назваць вуліцу ў гонар Васіля Быкава. Назавяце?

— А вы мне хоць адну вуліцу Васіля Быкава ў Мінску знайдзіце, — адказвае чыноўнік.

Варыянты назваў вуліц прымаюцца райвыканкамам у пісьмовым выглядзе да 10 жніўня 2021 года па адрасе: 225612, г. Драгічын, вул. Леніна, 138 або на электронную пошту [email protected] Форма падачы заявы свабодная, але галоўны архітэктар просіць Еўрарадыё згадаць, што тыя грамадзяне, якія прапануюць свае варыянты, у звароце абавязкова павінны пакінуць пазнаку "Вывучэнне меркаванняў грамадзян".

— Без гэтай прыпіскі прапановы разглядацца не будуць, — папярэджвае Мікалай Крэйдзіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.