“Мы жартуем пра каментарыі праз СМС, а яны ўсур'ёз спрабуюць гэта рэалізаваць”

“Мы жартуем пра каментарыі праз СМС, а яны ўсур'ёз спрабуюць гэта рэалізаваць”

Журналісты БТ усур’ёз абмяркоўваюць з намеснікам міністра інфармацыі Паўлам Лёгкім, што каментатараў у інтэрнэце можна аўтарызоўваць праз СМС. Каментатараў. У інтэрнэце. Праз СМС. Каб што-небудзь напісаць на форуме ці пад артыкулам на сайце СМІ, трэба будзе атрымаць СМС з кодам.

Канчаткова гэты механізм не зацверджаны і яшчэ будзе распрацоўвацца Саўмінам. Але аднекуль жа чыноўнікі ўзялі яго. Мы вырашылі паглядзець, якая цяпер сітуацыя з каментарыямі на сайтах дзяржаўных выданняў, а заадно высветліць, што пра гэта думаюць рэдактары незалежных выданняў і блогеры.

“СБ Беларусь Сегодня” адключыла каментарыі ўвогуле: новая рэдакцыйная палітыка

На сайце газеты "СБ — Беларусь Сегодня" ужо некалькі месяцаў як адключаная магчымасць каментаваць артыкулы. Можна толькі напісаць асабісты ліст аўтару. Як патлумачылі ў аддзеле інтэрнэт-праектаў “СБ”, знікненне каментарыяў — частка новай рэдакцыйнай палітыкі. З новым рэдактарам — новыя правілы.

“Мы жартуем пра каментарыі праз СМС, а яны ўсур'ёз спрабуюць гэта рэалізаваць”

“Звязда”: каментарыі праходзяць прэмадэрацыю

На сайце “Звязды” каментарыі праходзяць прэмадэрацыю. Акрамя гэтага, там можна зарэгістравацца, увёўшы свой e-mail і атрымаўшы пацвярджэнне ад адміністрацыі сайта. Аднак не спадзявайцеся, што гэта адбудзецца хутка. Журналіст Еўрарадыё, які спрабаваў зарэгістравацца на сайце “Звязды”, атрымаў пацвярджэнне праз суткі. Аднак пры спробе змяніць пароль акаўнта патрэбная старонка не адчыняецца.

“Мы жартуем пра каментарыі праз СМС, а яны ўсур'ёз спрабуюць гэта рэалізаваць”

“Беларускі час”

На сайце афіцыйнай газеты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі "Беларускі час" можна пакінуць каментарый, але толькі пакінуўшы свой е-мэйл і прайшоўшы прэмадэрацыю, якая, дарэчы, не вельмі хуткая. За суткі каментарый так і не з'явіўся.

“Мы жартуем пра каментарыі праз СМС, а яны ўсур'ёз спрабуюць гэта рэалізаваць”

На іншых сайтах, накшталт Агенцтва тэлевізійных навінаў і БелТА, няма ні каментарыяў, ні нейкіх іншых магчымасцяў выказацца публічна ці напісаць асабіста аўтару.

"Калі мы ўводзілі аўтарызацыю на сайце, сутыкнуліся з сур'ёзным адтокам аўдыторыі"

Рэдактар "Камсамольскай праўды" Андрэй Ляўкоўскі распавёў Еўрарадыё, што больш за ўсё ў новай рэдакцыі закона аб СМІ яго бянтэжаць менавіта спробы шчыльна кантраляваць карыстальнікаў і каментатараў:

"Для мяне гэта самы сумнеўны і няправільны пункт у будучых папраўках, які можа паламаць усю нацыянальную інтэрнэт-прастору.

У нас быў досвед, калі мы ўводзілі аўтарызацыю на сайце. Нават не ідэнтыфікацыю. У нас з-за гэтага быў сур'ёзны адток аўдыторыі. Пасля таго як зʼявіліся праўкі, мы параіліся з юрыстам, і вось у законе "ідэнтыфікацыя" — гэта прадстаўленне сваіх пашпартных дадзеных. Нічога іншага пад гэта не падыходзіць. Як яны будуць іх захоўваць і збіраць, незразумела.

Ды і ўзяць тыя ж сацсеткі. Не думаю, што які-небудзь Фэйсбук або Твітар будзе ўводзіць нейкія дадатковыя або асаблівыя формы рэгістрацыі для беларусаў. Але калі карыстальнікі там будуць неідэнтыфікаваныя, то што кажа нам пра гэта закон? Блакіроўка".

“Тое, пра што мы жартуем, яны спрабуюць рэалізаваць усур'ёз”

Блогер Эдуард Пальчыс падзяліўся з Еўрарадыё меркаваннем, што закон аб СМІ ўвогуле не павінен існаваць:

"Я лічу, што ўвогуле не павінна існаваць закона аб СМІ і ўсіх гэтых Міністэрстваў інфармацыі. Мне ў гэтым плане бліжэй амерыканскі досвед. Там кожны можа падаць іск у незалежны суд, які будзе вырашаць, ці ёсць нейкія парушэнні, экстрэмізм гэта ці не. Галоўнае, каб у Канстытуцыі былі прапісаныя правы на свабоду слова і права грамадзян на асабістае жыццё. Адзінае, што трэба прапісаць асобна, што такое СМІ, а што такое прапаганда. Вось гэта ўсё трэба размяжоўваць і вызначаць".

Што да спробаў кантраляваць карыстальнікаў форумаў, каментатараў і сацыяльныя сеткі, дык у гэтым пытанні Эдуард Пальчыс скептычны:

"Тое, пра што мы жартуем, яны спрабуюць рэалізаваць усур'ёз. Вядома, гэта спроба запалохвання. Напэўна, падчас якіх-небудзь акцый будуць паказальныя затрыманні і суды. Таму што тэхнічна гэта глупства, смешная задума. У гэтым абмяжоўванні няма сэнсу".

Змены і дапаўненні ў закон "Аб СМІ" дэпутаты пачнуць разглядаць ужо 19 красавіка. На гэтую дату прызначанае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў. У цяперашнім выглядзе папраўкі ў закон аб СМІ ўзмацняць кантроль дзяржавы за інтэрнэт-выданнямі і сацсеткамі.

9 красавіка быў апошні дзень, калі ўсе зацікаўленыя бакі маглі падаць у Палату прадстаўнікоў свае прапановы. Такія жорсткія тэрміны істотна абмяжавалі жадаючых паўдзельнічаць у абмеркаванні законапраекта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі