МВФ панізіў прагноз росту беларускага ВУП на 2026 год

Міжнародны валютны фонд

Міжнародны валютны фонд

Міжнародны валютны фонд (МВФ) панізіў прагноз росту беларускага ВУП на 2026 год. Пра гэта гаворыцца ў  красавіцкім рэлізе "Перспектывы сусветнай эканомікі" (World Economic Outlook), звярнуў увагу "Белсат".

Як мяркуюць у МВФ, сёлета беларуская эканоміка вырасце на 1,2%. У кастрычніцкім прагнозе МВФ называлася лічба 1,4%. Інфляцыя, як адзначаецца ў прагнозе, складзе 6,4%, дэфіцыт бягучага рахунку — 2,7% ВУП, узровень беспрацоўя — 2,9%.

На 2027 год прагнозы МВФ для нашай краіны яшчэ больш песімістычныя. ВУП Беларусі вырасце на 1%, інфляцыя складзе 6,2%, дэфіцыт бягучага рахунку — 3,4% ВУП, беспрацоўе — 2,9%.

У афіцыйным прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 год беларускія ўлады разлічваюць на рост ВУП на ўзроўні 2,8% і інфляцыю не вышэй за 7%.

Ацэнкі міжнародных арганізацый больш стрыманыя. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў лютым пагоршыў прагноз росту беларускай эканомікі да 1,3% замест ранейшых 2,3%. Прычынай называюцца ўплыў санкцый і залежнасць ад расійскай эканомікі.

Сусветны банк у красавіцкім аглядзе таксама даў ніжэйшыя лічбы, чым у ранейшых прагнозах. ВУП Беларусі згодна з новымі прагнозамі вырасце на 1,1% сёлета і на 0,8% у 2027 годзе. Раней банк прагназаваў сёлетні рост на ўзроўні 1,3%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.