МУС не знайшло парушэнняў на скандальнай карыкатуры са свастыкай, якую апублікавала дзяржаўная газета "Мінская праўда", паведамляе Еўрарадыё.
"У ходзе правядзення праверкі парушенняў дзеючага заканадаўства з боку "Мінскай праўды" не выяўлена", — заявіў у адказ на петыцыю першы намеснік начальніка мінскай абласной міліцыі Віталь Казлоў.
7 верасня дзяржаўная газета "Мінская праўда" выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў, якія робяць з крыжа свастыку і спяваюць "Магутны Божа". Малюнак быў размешчаны на першай паласе газеты.
Прэс-сакратар Каталіцкага касцёла ў Беларусі Юрый Санько назваў публікацыю карыкатуры пляўком у твар мільёнам каталікоў.
10 верасня ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак заявіў, што карыкатура на святароў "не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы". Мінінфармацыі пісьмова апавясціла кіраўніцтва "Мінскай праўды" аб недапушчальнасці падобнага роду публікацый.