Касцёл — пра карыкатуру ксяндзоў са свастыкай: плявок у твар мільёнам католікаў

Касцёл — пра карыкатуру ксяндзоў са свастыкай: плявок у твар мільёнам католікаў

Дзяржаўная газета "Мінская праўда" выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў, якія робяць з крыжа свастыку і спяваюць "Магутны Божа". Малюнак размешчаны на першай паласе газеты.

Выхад гэтай карыкатуры пракаментаваў у Фэйсбуку прэс-сакратар Каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько. Ён ацаніў гэты малюнак як плявок у твар мільёнам католікаў.

"У час, калі беларускі народ стомлены вырашэннем грамадска-палітычных пытанняў. Змучаны барацьбой з пандэміяй каранавіруса. У святле новаўтворанага дзяржаўнага свята "Народнага адзінства". Рэдакцыя газеты "Мінская праўда" Мінскага аблвыканкама 7 верасня 2021 г. плюе ў твар некалькім мільёнам католікаў, якія жывуць у нашай краіне, а калі ўважліва паглядзець на размешчаную на першай старонцы карыкатуру, дзе зневажаецца крыж, то лічу, што абражаюць усіх хрысціян. Прапаганда нацысцкай сімволікі", — напісаў Юрый Санько.

Ксёндз задаецца пытаннем, чым з'яўляецца гэтая карыкатура: правакацыяй або хайпам. 

"Сумна, але гэта наша рэчаіснасць! Не магу не нагадаць, што кожны тыдзень мы молімся і за ворагаў касцёла!" — дадае ён. 

Летась падчас акцыяў пратэсту каталіцкія ксяндзы актыўна выступілі супраць гвалту сілавікоў. Пасля гэтага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча некалькі месяцаў не пускалі вярнуцца ў Беларусь. 

Таксама беларускія ўлады актыўна выступаюць супраць ужывання духоўнага гімна "Магутны Божа": Аляксандр Лукашэнка асабіста забараніў яго спяваць у храмах. Сёлета без тлумачэння прычын упершыню быў адменены фэст духоўнай музыкі "Магутны Божа", які праводзіўся з пачатку 1990-х.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі