Прадстаўнік МУС — пра смерць у Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава

Прадстаўнік МУС — пра смерць у Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі пракаментавалі смерць у Рэчыцы 28-гадовага Дзмітрыя Усхопава, якога міліцыянеры затрымалі ў навагоднюю ноч. "Супрацоўнікі [міліцыі] дзейнічалі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам", — сказаў 3 студзеня журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення аховы і правапарадку Аляксандр Купчэня. Ён падкрэсліў, што пры затрыманні мужчына "аказаў супраціўленне", і што Следчым камітэтам праводзіцца праверка, прызначаны экспертызы (гэта ўжо было вядома).

Купчэня выступаў на брыфінгу ў Нацыянальным прэс-цэнтры і расказваў пра тое, як прайшла навагодняя ноч у краіне. Пра трагедыю ў Рэчыцы ён не планаваў згадваць. Кароткі каментар з'явіўся пасля дадатковага пытання ад мадэратара (відаць, журналістаў дзяржаўных СМІ рэзанансная тэма не цікавіла).

Усхопаў памёр у раённай бальніцы пасля таго, як яго прывезлі ў РАУС. Па версіі СК, яго затрымалі "з прыкметамі моцнага алкагольнага ап'янення" і "з-за аказанага ім непадпарадкавання да яго была ўжыта фізічная сіла". Аднак “па папярэдніх высновах экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару”. Сваякі ж лічаць, што мужчыну збівалі ў міліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі