Што вядома пра гібель жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава

Што вядома пра гібель жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава

У цэнтры ўвагі СМІ апынулася трагедыя, якая здарылася ў Рэчыцы. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня міліцыянеры затрымалі на прыпынку 28-гадовага Дзмітрыя Усхопава. Спачатку яго завезлі ў РАУС, а адтуль — на медасведчанне ў раённую бальніцу. Па афіцыйнай версіі, па дарозе мужчыне стала кепска і ён памёр, нягледзячы на высілкі медыкаў. Сваякі ўпэўненыя, што Усхопава збівалі. У ноч затрымання ён ехаў да маці на святочную вячэру. У загінулага засталася 5-гадовая дачка. У апошнія гады мужчына працаваў у "Гаргазе".

Па версіі Следчага камітэта, Дзмітрыя Усхопава затрымалі "з прыкметамі моцнага алкагольнага ап'янення". "З-за аказанага ім непадпарадкавання да яго была ўжыта фізічная сіла", — сведчыць СК. Затрыманне адбылося ў 23:10, смерць канстатавалі ў 01:20. Для высвятлення яе прычын прызначылі судова-медычную экспертызу (следчыя чакаюць даных пра наяўнасць у крыві алкаголя і наркотыкаў). Але ўжо цяпер Следчы камітэт заяўляе, што “па папярэдніх высновах экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару”, а на целе не выяўлены пашкоджанні ўнутраных органаў і пераломы костак.

Тым часам у інтэрнэце з'явіліся пасмяротныя здымкі Дзмітрыя Усхопава. Сваякі перакананыя, што яго збівалі ў РАУС, а калі ён страціў прытомнасць, спрабавалі рэанімаваць, аблівалі вадой. А калі прывезлі ў бальніцу, ён быў ужо ў коме.

А праўладныя тэлеграм-каналы ўжо апублікавалі відэа з затрыманым Усхопавым.

Справа гучная, рэзанансная. Але ў грамадстве няма веры ў справядлівае і сумленнае расследаванне — за гвалт пасля выбараў 2020 года ў Беларусі не пакаралі ніводнага сілавіка.

Лідар беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская пракаментавала смерць жыхара Рэчыцы. "Гэта чарговы неапраўданы гвалт, дзе ўжо цяпер сілавікі спрабуюць замятаць сляды, — піша яна. — І пакуль інфармацыя не з'явілася ў незалежных СМІ, дзяржаўныя хлусілі пра тое, што па зводцы МУС навагодняя ноч прайшла без здарэнняў".

Ціханоўская перакананая, што "беспакаранасць спараджае гвалт". "Сілавікам дазвалялі рабіць што заўгодна з "палітычнымі" (і нават заахвочвалі за гэта), — піша палітык. — Цяпер такія паводзіны яны лічаць нормай у адносінах да беларусаў — не толькі пратэстуючых, але і ўсіх наогул". У выніку "часам не да закона" ператварылася ў "заўсёды не да закона", — робіць сумную выснову Святлана Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі