МУС: Падчас паставак у Беларусь медтэхнікі кошты завышаліся нават у 14 разоў

МУС: Падчас паставак у Беларусь медтэхнікі кошты завышаліся нават у 14 разоў

Беларускія праваахоўнікі падчас праверкі інфармацыі аб хабарніцтве і злоўжываннях у сістэме аховы здароўя выявілі злачынную схему закупак медыцынскай тэхнікі за бюджэтныя сродкі. Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС падлічылі, што сума шкоды складае мільёны рублёў.

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў паведамляе, што арганізатарамі схемы з’яўляюцца жыхары Мінска. Яны замянялі дакументы на суправаджэнне тавару, у выніку чаго павялічвалі цану замежнай медыцынскай тэхнікі. Пастаўкі ў Беларусь яны праводзілі праз падкантрольныя ім кампаніі, зарэгістраваныя ў нашай краіне, а таксама ў Вялікабрытаніі і Эстоніі. У асноўным, кошты завышаліся ў 2-3 разы, а ў шэрагу выпадкаў — нават у 14 разоў. Толькі падчас адной з паставак медтэхнікі (у 2014-м для анкадыспансера), якая каштавала 7 млн еўра, пастаўшчыкі зарабілі аж 4 мільёны еўра.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле “Махлярства”. Агулам было затрымана 12 арганізатараў і ўдзельнікаў махінацый. Падчас ператрусаў праваахоўнікі знайшлі буйныя сумы валюты, транспартныя сродкі прэміум-класу, наклалі арышт на кватэры і катэджы. Адзначаецца, што ўдзельнікі злачыннай групы ўжо кампенсавалі дзяржаве 1,5 млн еўра. Следчыя дзеянні працягваюцца, высвятляюцца ўсе эпізоды злачыннай дзейнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі