МУС пацвердзіла затрыманні сярод вытворцаў ветэрынарных прэпаратаў і кармоў

МУС пацвердзіла затрыманні сярод вытворцаў ветэрынарных прэпаратаў і кармоў

МУС паведамляе, што выкрыла злачынную схему дзейнасці службовых асобаў аднаго з найбуйнейшых камерцыйных вытворцаў і пастаўшчыкоў ветэрынарных прэпаратаў і кармавых дабавак на тэрыторыі Беларусі. Гаворка ідзе пра кіруючую кампанію холдынгу "АФМ" і гаспадарчыя суб'екты, якія ўваходзяць у яго. Парушэнні закону былі выяўленыя пры ажыццяўленні паставак прадукцыі для дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Звесткі пра гэтыя затрыманні з'явіліся ў першай палове дня 26 траўня, аднак афіцыйнага пацвярджэння не было. 

Паводле звестак праваахоўнікаў, кіраўнікі шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў альбо з доляй уласнасці дзяржавы сістэматычна атрымоўвалі хабар за лабіраванне інтарэсаў названай камерцыйнай структуры. За гэта яны куплялі прадукцыю гэтай кампаніі. Хабар, як заяўляюць у МУС, перадавалі кіраўнікі кампаніі альбо падначаленыя работнікі па іх ўказанні.

Праваахоўнікі затрымалі менеджара кампаніі пры чарговай перадачы грошай. У змове з кіраўнікамі ён перадаў першаму намесніку старшыні праўлення Белкаапсаюза хабар, каб забеспечылі своечасовую аплату за прадукцыю, якая пастаўляецца суб'ектам гаспадарання, падначаленым Белкаапсаюзу.

Следства расследуе 15 крымінальных спраў, злучаных у адну вытворчасць:

— за дачу хабару — супраць службовых асоб названай камерцыйнай структуры;

— за атрыманне хабару — супраць службовых асоб шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў: КУП "Гроднамясамалпрам", ААТ "Слонімскі мясакамбінат", ААТ "Жодзіна Аграплемэліта", ААТ "Вілейскі камбікормавы завод", КУП "Мінская гароднінная фабрыка", ААТ "Смалявіцкі райаграсэрвіс", Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў.

Дзесяць чалавек узятыя пад варты — ім выставілі абвінавачанні. Яшчэ пяць прыцягнутыя ў якасці падазроных. Некаторыя з іх раскаяліся ў зробленым і прызналі сваю віну.

Паведамляецца, што толькі за красавік 2017 года хабар на ўсіх удзельнікаў злачыннай групы склаў не менш за 6,5 тыс. долараў. Канчатковая сума хабару будзе выяўленая падчас следства. Паводле аператыўнай інфармацыі міліцыі, сума хабару складала 5-8% ад таваразвароту з прадпрыемствамі, таму яны могуць складаць агулам больш за 1 млн долараў ЗША за апошнія два гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі