“Можа, калі Лукашэнка інкогніта заходзіць у тэатр ― тады я яго не заўважыў”
“Я бываю ў тэатры. Нашы класічныя творы, асабліва камедыі, жартаўлівыя творы я вельмі люблю глядзець, асабліва на беларускай мове ― каларытныя ў гэтым плане”, ― нечакана заяўляе Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з расійскімі журналістамі.
Цікава, у якіх гэта тэатрах і якія камедыі глядзеў кіраўнік краіны? Найперш, што відавочна, шукаю адказ на гэтае пытанне ў мінскім тэатры імя Янкі Купалы.
“На маёй памяці ён у нас адзін раз быў ― калі адкрываўся Купалаўскі пасля рамонту. “Паўлінка” была тады, ― распавядае акцёр тэатра Павел Харланчук. ― Але, можа, калі інкогніта заходзіць, і тады я яго не заўважыў…”
Не думаю, што кіраўнік Беларусі з’яўляецца прыхільнікам таемных паходаў па тэатрах і шукаю далей. Да прыкладу, шмат камедый, прычым, не толькі для дзяцей, ідзе ў сталічным Тэатры юнага гледача. Што важна, знаходзіцца тэатр праз дарогу ад прэзідэнцкай адміністрацыі. Але…
“Не, на жаль. Мы запрашалі, але ж мы толькі першы сезон працуем і спадзяемся, што ён прыйдзе ― мы ж толькі пасля рэканструкцыі ўваходзіны адзначылі і ён яшчэ не паспеў да нас завітаць”, ― з усмешкай адказвае на мае пытанні мастацкі кіраўнік ТЮГа Уладзімір Савіцкі.
Тое ж чую і ад намесніка дырэктара па глядацкай частцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святланы Карукінай.
“Прадстаўнікі вышэйшага эшалона ўлады перыядычна прыходзяць да нас, але на дадзены момант мы ўсё яшчэ чакаем, калі нас наведае”.
Рускі тэатр імя Максіма Горкага не зусім тое месца, куды пойдзе аматар беларускамоўнай камедыі, але вырашаю праверыць ― ці наведваў яго кіраўнік краіны. Высвятляецца, што і туды ён таксама не дайшоў. Хоць і меў асабістае запрашэнне ад актрысы гэтага тэатра Насты Шпакоўскай ― запрашэнне Аляксандру Лукашэнку яна перадала падчас сустрэчы з ім на 8 сакавіка гадоў 10 таму.
Наста Шпакоўская: “Было ў мяне запрашэнне на такую сустрэчу і ад тэатра мяне накіравалі на яе ― разам з ім весяліцца. І тады я запрасіла яго на спектакль “Извещение Марии”, быў у нас у той час гэты цудоўны спектакль. І ён абяцаў быць, але так і не прыйшоў”.
Прычым, як кажа Наста, не толькі на гэты спектакль, але і на іншыя не прыходзіў.
Але ж не толькі сталіцай абмяжоўваецца ў Беларусі тэатральнае жыццё! Кіраўнік краіны даволі часта бывае ў працоўных паездках па рэгіёнах і мог завітаць у які мясцовы тэатр. Ну, да прыкладу ― у Магілёве. Вырашаю пазваніць туды. Нездарма ж Лукашэнка раіў адной расійскай журналістцы абавязкова наведаць “галоўны тэатр Магілёва”.
“У тэатры прэзідэнт не быў. Тым больш, што, на жаль, у нашым тэатры няма беларускамоўных спектакляў”, ― адказваюць мне ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.
Не быў ён ні разу і ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, кажа мне адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі гэтай установы культуры.
“Напэўна, ёсць іншыя моманты ў жыцці, якія трэба кіраўніку вырашаць. Але ў нас ёсць беларускамоўная “Беларуская камедыя”. Вельмі добрая, больш за 20 гадоў яна ідзе, 320 паказаў, і мы ганарымся той камедыяй, якая ёсць у нас”.
Карацей, выснова такая: хадзіць у тэатр трэба… крыху часцей. А чаму?
“Людзі запрацоўваюцца, ведаеце… Ім трэба нешта з творчасцю звязанае. Бо гэта развівае іншы кавалак мозгу, як мы ведаем, гэта дае творчасці ў жыцці і гэта дапамагае неяк пераадольваць праблемы бытавыя. Таму, мне б хацелася, каб кіраўнік краіны хадзіў у тэатр”, ― кажа акцёр “купалаўскага” тэатра Павел Харланчук.