“Мотавела” — банкрут. Што будзе далей са славутымі роварамі?
Нічога добрага. Завод ліквідуюць, маёмасць распрададуць. Мінскім роварам патрэбны добры новы інвестар.
Эканамічны суд Мінска прызнаў ААТ "Мотавела" банкрутам. Каб пагасіць запазычанасць завода перад крэдыторамі, адкрытая ліквідацыйная вытворчасць. У бліжэйшы час маёмасць прадпрыемства распрададуць. Ліквідацыя павінна завяршыцца да 20 снежня.
У Мінску ёсць некалькі ААТ і ТАА, якія ў сваіх назвах спалучаюць “мота-” і “вела-”. Разбіраемся, хто ёсць хто ў гэтым клубку, як яны звязаныя паміж сабой і ці захаваецца вытворчасць славутых мінскіх ровараў і матацыклаў?
ААТ "Мотавела" (Банкрут) Знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Антыкрызісны кіраўнік — Вольга Рачко. Апошнія тры гады былі не лепшымі ў гісторыі прадпрыемства. У 2015 годзе быў арыштаваны асноўны інвестар і дырэктар "Мотавела" Аляксандр Мураўёў. Вярнуўшы завод сабе, улады прызначылі дырэктарам былога кіраўніка Мінска Мікалая Ладуцьку. Праз два гады, у чэрвені 2017 года, ён падаў заяву на банкруцтва "Мотавела". І вось, у красавіку 2018 прадпрыемства канчаткова прызнанае банкрутам, і падлягае ліквідацыі. Першыя таргі могуць адбыцца ўжо ў жніўні.
Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы
Асноўная дзейнасць ААТ "Мотавела" — здача ў арэнду вытворчых плошчаў. Арандатарамі з'яўляюцца больш за 170 кампаній. На прадпрыемстве працуюць каля ста чалавек.
З 2016 па 2018 гады кампанія была устойліва неплацежаздольнай. Крэдыторы прынялі рашэнне аб рэалізацыі маёмасці “Мотавела” трыма комплексамі:
"Будуць цалкам прадавацца тры асобныя аб'екты: у Мінску, сельскагаспадарчае прадпрыемства ў вёсцы Лесіна і дзіцячы аздараўленчы лагер, — тлумачыць Вольга Рачко. — Будзе праведзены аўдыт гэтых маёмасных комплексаў. Пасля спіс актываў зацвердзяць крэдыторы. І, нарэшце, адбудуцца адкрытыя таргі. Калі комплексы не будуць рэалізаваныя, дык, у адпаведнасці з заканадаўствам, мы можам прапанаваць іх крэдыторам ў кошт пагашэння запазычанасці. Але, будзем спадзявацца, што маёмасць будзе рэалізаваная, а крэдыторская запазычанасць максімальна пагашаная".
Цікавая сітуацыя: цэхамі і станкамі валодае банкрут ААТ "Мотавела", а вырабляе на іх ровары і матацыклы ТАА "Мотавелазавод".
ТАА "Мотавелазавод" (цяперашні вытворца матацыклаў і ровараў) Прадпрыемства з'явілася ў 2015 годзе, яго заснавальнікамі выступілі “Мінск-Арэна” і вопытна-механічны завод, галоўным акцыянерам якога з'яўляецца Мінгарвыканкам. Гэта адбылося неўзабаве пасля затрымання Аляксандра Мураўёва, які на той момант быў адным з уладальнікаў "Мотавела". Дырэктар — Мікалай Ладуцька, які быў і дырэктарам ААТ "Мотавела". Па яго словах, ТАА "Мотавелазавод" — правапераемнік дзейнасці ААТ "Мотавела" па вырабе матацыклаў і ровараў, а не абавязальніцтваў. То бок, Ладуцька адхрысціўся ад прадпрыемства, кіраўніком якога быў да банкруцтва. Па словах прадстаўніка ТАА "Мотавелазавод", яны не маюць ніякіх юрыдычных сувязей з ААТ "Мотавела", акрамя арэнды. Цяпер ТАА “Мотавелазавод” арэндуе ААТ "Мотавела" некалькі вытворчых цэхаў. Там вырабляюцца каля 80 відаў ровараў і 3 мадэлі матацыклаў.
Вытворчыя плошчы ААТ “Мотавела” будуць прададзеныя адным комплексам. Так чыноўнікі спадзяюцца захаваць вытворчасць славутых мінскіх ровараў і матацыклаў.
"Тут трэба адрозніваць "Мотавела" і "Мотавелазавод". У "Мотавела" асноўная дзейнасць — арэнда. Але і ўся маёмасць належыць яму. У той сітуацыі, якая склалася, адзіным варыянтам была рэалізацыя маёмасных комплексаў, каб захаваць іх мэтавае прызначэнне і вытворчыя плошчы. Таму яны ў Мінску будуць рэалізоўвацца без змены свайго прызначэння. А "Мотавелазавод" займаецца вытворчасцю матацыклаў і ровараў", — працягвае Вольга Рачко.
Таму не трэба здзіўляцца, калі вытворчы комплекс у Мінску адыдзе маладому і перспектыўнаму "Мотавелазаводу" пад кіраўніцтвам дасведчанага кіраўніка Мікалая Ладуцькі. Першыя таргі могуць адбыцца ўжо ў жніўні.
СЗАТ "Мінск-Мота" (былы афіцыйны дыстрыб'ютар ААТ "Мотавела", банкрут) Яшчэ ёсць і такое прадпрыемства. Але і яно — банкрут: рашэнне Эканамічнага суд Мінска пра гэта прынятае 10 лютага 2017 года. Антыкрызісны кіраўнік — Максім Капусцін. Цяпер ідзе рэалізацыя маёмасці для пагашэння запазычанасцяў. Пасля прадпрыемства будзе ліквідаванае. "Пакуль уся маёмасць не будзе распрададзеная, тэрмін ліквідацыі будзе працягвацца, — мяркуе антыкрызісны кіраўнік Максім Капусцін. — Уся маёмасць прадпрыемства — гэта матацыклы і запчасткі да іх". У маёмасці "Мінск-Мота" цяпер засталіся матацыклы на суму 652,8 тысячы рублёў, а таксама запчасткі і камплектуючыя на суму 1,33 млн рублёў.
Выратаваць нельга ліквідаваць
Антыкрызісная кіраўнік "Мотавела" ўпэўненая, што калі б вытворчасць атрымалася захаваць, дык у прадпрыемства былі б іншыя варыянты, акрамя ліквідацыі:
"Вядома, калі б "Мотавела" займалася вытворчасцю, то тады можна было б шукаць варыянты санацыі і распачаць усе меры для захавання і аздараўлення прадпрыемства. Але паколькі тут асноўная дзейнасць — арэнда, дык лепшае, што можна зрабіць, — прывесці інвестара, які захавае вытворчасць, бо аналіз фінансавага стану паказаў, што прадпрыемства устойліва неплацежаздольнае. У дадзены момант самым аптымальным варыянтам была ліквідацыйная вытворчасць і рэалізацыя маёмасці. Для максімальнага пагашэння крэдыторскай запазычанасці".
Эканамічны суд устанавіў тэрмін ліквідацыі да 20 снежня. Калі ТАА “Мотавелазавод” паспее да гэтага часу выкупіць цэхі, вытворчасць застанецца там, дзе і была.
А калі магутнасці “Мотавела” распрадаць не паспеюць, антыкрызіснае кіраўніцтва будзе хадайнічаць перад судом, каб тэрмін ліквідацыі быў працягнуты. У такім выпадку будучыня мінскіх ровараў выглядае цьмянай.