МНС: ад стыхіі 27 чэрвеня пацярпелі 18 населеных пунктаў у трох абласцях
![МНС: ад стыхіі 27 чэрвеня пацярпелі 18 населеных пунктаў у трох абласцях](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/drevy-2806-3.jpg.webp?itok=nRWJKQ_b)
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падвяло вынікі ўраганнага ветру, які прайшоў па Беларусі 27 чэрвеня.
Ад парываў ветру, якія дасягалі 20 метраў за секунду, пацярпелі 18 населеных пунктаў трох абласцях — Гомельскай (Веткаўскі, Жлобінскі, Рэчыцкі і Чачэрскі раёны), Мінскай (Дзяржынскі і Мінскі раёны) і Магілёўскай (Бабруйскі, Кіраўскі і Слаўгарадскі раёны). Вецер пашкодзіў дахі 26 жылых дамоў, трох сацыяльна-культурных аб'ектаў і 45 сельскагаспадарчых будынкаў.
27 чэрвеня ў 17:20 паступіла паведамленне, што знікла электрычнасць у ЗАТ "Птушкафабрыка "Вішнёўка" і філіяле "Агракамбінат КХП "ААТ "Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў" ў вёсцы Вішнёўка Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Для электразабеспячэння там выкарыстоўваліся дызель-генератары МНС і РУП "Магілёўэнерга". Аднавіць падачу электрычнасці ўдалося ў 22:00.
Паводле інфармацыі ДВА "Белэнерга", на працягу сутак на тэрыторыі краіны былі перабоі з падачай электраэнергіі ў 642 населеныя пункты. Па стане на 6:00 раніцы 28 чэрвеня без электрычнасці заставаліся толькі два населеныя пункты.