Мнангагва запрасіў Лукашэнку ў Зімбабвэ
Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва запрасіў Аляксандра Лукашэнку прыехаць у яго краіну, інфармуе прэс-служба беларускага кіраўніка. Адбылося гэта 17 студзеня падчас іх сустрэчы ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Лукашэнка гатовы прыехаць у Зімбабвэ, але толькі ў тым выпадку, калі ўдасца рэалізаваць некалькі сумесных праектаў і іх "убачыў увесь зімбабвійскі народ"..
Што гэта за праекты? Па словах Аляксандра Лукашэнкі, дасягнутая дамоўленасць, што да яго візіту будуць падрыхтаваныя "шэраг канкрэтных кантрактаў". Беларусь і Зімбабвэ іх мусяць рэалізаваць у 2019 годзе. Лукашэнка нагадаў, што яшчэ летась былі падпісаныя шматмільённыя кантракты на пастаўкі беларускай тэхнікі МАЗа (пасля з'явілася і лічба — да 200 грузавікоў), МТЗ, "Гомсельмаша" з выкарыстаннем механізмаў экспартнага крэдытавання. І ўжо ў хуткім часе пачнуцца пастаўкі, адзначыў ён.
"Гэтая тэхніка вельмі патрэбна Зімбабвэ, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Без яе немагчымая мадэрнізацыя эканомікі".
Прэзідэнт Зімбабвэ гаварыў пра няпростую сітуацыю ў яго краіне. Лукашэнка пажадаў яму "цярпення і мужнасці".