Вы тут

Мінздароўя хоча скараціць тэрмін самаізаляцыі па COVID-19 да 10 дзён

Каранавірус у Беларусі / sb.by

Тэрмін самаізаляцыі з нагоды COVID-19 плануецца скараціць з цяперашніх 14 да 10 дзён. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінздароўя ў сваім Telegram-канале.

Мінздароўя разам з зацікаўленымі ведамствамі падрыхтавала і ўнесла ва ўрад праект пастановы Саўміна ад 13 кастрычніка 2020 г. №591 "Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2020 г. №171 і ад 8 красавіка 2020 г. №208".

Акрамя скарачэння тэрміну самаізаляцыі ў дакуменце прапаноўваюцца і іншыя змены. Людзям на самаізаляцыі дазволяць пры крайняй неабходнасці наведваць паліклініку або лякарню, каб атрымаць экстраную ці неадкладную меддапамогу.

Будзе пашыраны спіс асоб, на якіх не распаўсюджваюцца патрабаванні па самаізаляцыі. У гэты спіс увойдуць:

кіраўнікі і чальцы афіцыйных дэлегацый;

асобы, якія перасякаюць тэрыторыю нашай краіны транзітам і маюць дакументы, што пацвярджаюць выезд на працягу адных сутак;

грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, якія прыбылі ў Беларусь пасля знаходжання ў службовай камандзіроўцы з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19, а таксама з краін, не ўключаных у пералік, і якія рухаліся транзітам праз краіны, уключаныя ў пералік, пры ўмове наяўнасці ў гэтых асоб дакументальнага пацверджання транзітнага праезду праз краіну, уключаную ў пералік;

асобы, якія ажыццяўляюць перавозкі ствалавых клетак, органаў для трансплантацыі.

Замежнікі і асобы без грамадзянства (за выключэннем тых, хто пастаянна пражывае ў Беларусі) пры прыездзе з з краін, не ўключаных у пералік, абавязаныя паказаць на беларускай мяжы арыгінал меддаведкі з адмоўным вынікам лабараторнага даследавання на COVID-19, зроблены не пазней за 72 гадзіны да даты перасячэння мяжы.

Гэты ж дакумент будуць правяраць памежнікі і мытнікі. 

Пастанова набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.