Вы тут

Мінздароўя: 13 смерцяў з COVID-19. Журналісты: як мінімум 16

Вербная нядзеля ў часе ўспышкі каранавіруса ў Ашмянах / Reuters

Статыстыка Мінздароўя па каранавірусе ў Беларусі ніколі не выклікала даверу ва ўсіх. І на тое былі прычыны. Напрыклад, чыноўнікі не паведамляюць, колькі чалавек пратэсціравалі на каранавірус. Часам не называюць агульную колькасць пацверджаных выпадкаў. А смерці пацыентаў з COVID-19 яны спачатку і зусім залічвалі ў катэгорыю "ачунялі і выпісаныя". Ну так, выпісаныя. Толькі адны — дадому, а другія — у морг. Адчуйце розніцу.

Мінздароўя не ўдакладняе ні ўзросту загінулых ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі, ні іх месца жыхарства. Між тым недзяржаўныя СМІ маюць зносіны са сваякамі загінулых і дактарамі і так апісваюць альтэрнатыўную беларускую геаграфію смерцяў ад каранавіруса. Вось толькі верыфікаваць, якую з гісторый, апісаных журналістамі, чыноўнікі палічылі, а якую з нейкіх прычын не, не ўяўляецца магчымым.

Еўрарадыё сабрала ўсе вядомыя выпадкі, якія асвятляліся ў беларускіх СМІ.

18 сакавіка. Памерці нельга абвергнуць

58-гадовая Таццяна Хузеева памерла ў Віцебску з дыягназам "пнеўманія". Сваякі спачатку расказалі журналістам, што тэст жанчыны на каранавірус быў станоўчы, але потым сталі "блытацца ў паказаннях". Спачатку прэс-служба Мінздароўя, а потым і асабіста міністр Уладзімір Каранік абверглі чуткі.

28 сакавіка. Галіна Шастоўская

У Віцебску памерла супрацоўніца фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік", ёй было 54 гады. Галіна Шастоўская "выпісалася" (у тэрміналогіі Мінздароўя) на тры дні раней за актора Віктара Дашкевіча, які лічыцца першай беларускай ахвярай COVID-19.

Дачка галіны расказала TUT.by, што ў яе маці таксама пацвердзілі COVID-19. Але ў пасведчанні аб смерці Шастоўскай (як і ў памерлага 30 сакавіка Дашкевіча) стаіць код J18: "пнеўманія неўдакладненая".

28 сакавіка Мінздароўя не публікаваў ніякіх справаздач.

Пасведчанне аб смерці Галіны Шастоўскай / TUT.by

30 сакавіка. Аляксандра Чэпік

У Чыгуначнай бальніцы Віцебска памерла інфікаваная каранавірусам 73-гадовая жанчына. Аляксандра Чэпік была на пенсіі і не пакідала Беларусі. 27 сакавіка ёй зрабілі аналіз на каранавірус, які аказаўся станоўчым.

Вынік тэста на каранавірус / svaboda.org

У жанчыны развілася пнеўманія. Яна памерла праз тры дні пасля аналізу.

Пасведчанне аб смерці Аляксандры Чэпік / svaboda.org

Прэс-рэліз Мінздароўя за 30 сакавіка: "За мінулыя суткі шпіталізавана 110 чалавек, выпісана 144 чалавекі, у тым ліку тыя, якія мелі кантакты з носьбітамі інфекцыі.

На цяперашні момант выпісаныя альбо чакаюць выпіскі ў найбліжэйшы час 47 чалавек, у якіх тэст на COVID-19 раней быў станоўчы. Працягваецца медыцынскае назіранне і лячэнне 105 чалавек".

31 сакавіка. Віктар Дашкевіч

Першая, як мы ўсе лічым, афіцыйна прызнаная смерць ад каранавіруса. У віцебскай бальніцы памёр заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч. Яму было 75 гадоў.

Жонка актора расказала журналістам, што ў мужа быў знойдзены COVID-19. Амаль тыдзень Віктар Дашкевіч правёў у рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Афіцыйная прычына смерці — "пнеўманія неўдакладненая".

Мінздароўя: "Зарэгістраваны першы выпадак смерці пажылога пацыента з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, па папярэдніх звестках, абцяжараных каранавіруснай інфекцыяй". 

1 красавіка. Наталля Арлова, Вольга Дзеравянка

У Капыльскай раённай бальніцы 1 красавіка памерла 70-гадовая Наталля Арлова. Яна працавала настаўніцай англійскай мовы ў вёсцы Доктаравічы, дзе была зарэгістравана ўспышка каранавіруса.

Як расказалі "Нашай Ніве", Арлову даставілі ў Капыль у цяжкім стане. Жыццезабеспячэнне падтрымлівалася з дапамогай адзінага ў горадзе апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Па словах жыхароў Доктаравічаў, цела Наталлі павезлі на крэмацыю ў Мінск. Вынік тэста на каранавірус невядомы.

67-гадовая Вольга Дзеравянка памерла ў 2-й мінскай бальніцы. Па словах яе мужа і сына, у яе быў ацёк лёгкіх пры станоўчым тэсце на каранавірус. Вольга была пенсіянеркай і праводзіла час дома. За тыдзень да смерці з'ездзіла ў паліклініку па рэцэпт.

Ноччу 29 сакавіка ў Вольгі паднялася тэмпература. Муж выклікаў хуткую дапамогу, але Вольга тады адмовілася ад шпіталізацыі. 30 сакавіка да іх прыйшоў участковы тэрапеўт і настаяў на шпіталізацыі — Вольгу адвезлі ў 2-ю гарадскую клінічную бальніцу. 31 сакавіка муж прынёс у бальніцу яе рэчы. Раніцай 1 красавіка яму патэлефанавалі і сказалі, што ў гадзіну ночы яго жонка памерла.

Прэс-рэліз Мінздароўя за 1 красавіка: "Зарэгістраваны другі выпадак смерці пажылога пацыента з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, паводле папярэдніх звестак, абцяжараных каранавіруснай інфекцыяй".

2 красавіка. Валерый Ш., Уладзімір Сідараў, Лідзія Мацвеева, Віктар Бурак

Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", уночы на 2 красавіка памёр Валерый Ш. — супрацоўнік санаторыя "Пралеска" ў Ждановічах. Спярша ён быў шпіталізаваны з пнеўманіяй у абласную бальніцу. Потым пераведзены ў мінскую інфекцыёнку. Там лечацца пацыенты са станоўчым тэстам на каранавірус.

Нябожчык працаваў электрыкам у санаторыі "Пралеска". Яму было каля 60 гадоў. Як расказалі "Нашай Ніве" супрацоўнікі санаторыя, пасля смерці мужчыны іх папрасілі падаць спіс кантактаў першага ўзроўню.

Уночы на 2 красавіка ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы памёр ваенны пенсіянер Уладзімір Сідараў. Яму было 70 гадоў. 13 сакавіка мужчына паступіў у хірургію з дыягназам "трамбоз падкаленнай судзіны". 18 сакавіка яго выпісалі. Сын Уладзіміра расказаў, што ў пенсіянера была высокая тэмпература, але было вырашана, што ў яго грып, які лепш лячыць дома.

Праз два дні Сідараву зрабілі рэнтген у паліклініцы — і з двухбаковай пнеўманіяй зноў забралі ў бальніцу. Пяць дзён ён быў у рэанімацыі на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Ва Уладзіміра быў станоўчы тэст на каранавірус. COVID-19 пацвердзіўся і ў яго жонкі, якая ў момант смерці мужа лячылася ад пнеўманіі.

2 красавіка ў Віцебску ад пнеўманіі памерла 68-гадовая Лідзія Мацвеева, яшчэ адна пацыентка са станоўчым аналізам на каранавірус. Сын Мацвеевай расказаў "Белсату", што ў яе пасведчанні аб смерці разам з пнеўманіяй пазначаны і каранавірус.

Пасведчанне аб смерці Лідзіі Мацвеевай / belsat.eu

Аляксандр Мацвееў падаў заяву ў Полацкі РАУС з просьбай завесці крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку. У заяве гаворыцца, што кіраўнік Беларусі "не прыняў неабходных мер па абароне насельніцтва ад распаўсюджвання асабліва небяспечнага віруса".

Другога красавіка ў Мінску памёр 81-гадовы Віктар Бурак. Па словах унука Віктара Ігара, аналіз на каранавірус у яго дзеда не бралі, але ў пасведчанні аб смерці паказаны код B97.2, што адпавядае прычыне смерці: "каранавірусы як прычына хвароб, класіфікаваных у іншых рубрыках". Пасля анатамавання сваякам не далі правесці цырымонію развітання. Удава Віктара Бурака Валянціна ляжыць у бальніцы з пацверджаным каранавірусам.

2 красавіка Мінздароўя заявіла, што "зарэгістравана 4 выпадкі смерці пажылых пацыентаў з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, па папярэдніх звестках, абцяжараных каранавіруснай інфекцыяй".

3 красавіка. Сяргей Говар, Анатоль Высоцкі, Святлана Кісялёва

60-гадовы інжынер Сяргей Говар памёр ад каранавіруса ў мінскай інфекцыёнцы, пра гэта расказала яго дачка Ганна. З 23 сакавіка Говар дыхаў з дапамогай апарата ШВЛ. У сястры Сяргея таксама быў выяўлены каранавірус, на 3 красавіка яна была ў цяжкім стане. Уся сям'я памерлага ў той момант знаходзілася на каранціне і не змагла развітацца з Сяргеем да крэмацыі.

У Віцебску памёр былы супрацоўнік пракуратуры Віцебскай вобласці, палкоўнік у адстаўцы, 58-гадовы Анатоль Высоцкі. 30 сакавіка яго шпіталізавалі, а каранавірус выявілі толькі ў пасмяротным аналізе. Гэта пацвердзіла "Нашай Ніве" жонка Анатоля: "Як сталі вядомыя вынікі — патэлефанавалі з санітарнай станцыі".

Яшчэ адна смерць, інфармацыя пра якую з'явілася 3 красавіка, — 47-гадовая Святлана Кісялёва, якая працавала медсястрой у Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы №1.

Па словах дачкі Святланы Анастасіі, дыягназ у маці быў "двухбаковая бронхапнеўманія". 31 сакавіка ёй зрабілі тэст на каранавірус, але вынікаў сваякам ніхто не паведамляў.

Пасведчанне аб смерці Святланы Кісялёвай / TUT.by

У графе "Паталагічныя станы (захворванні), якія выклікалі або абумовілі непасрэдную прычыну смерці" напісана: "Не ўдакладнены". Дачка Анастасія кажа, што доктар растлумачыў ёй, што гэта пра каранавірус.

Мінздароўя 3 красавіка не абвяшчала пра новыя смерці.

4 красавіка. Юрый Осіпаў, Эдуард Ціхаміраў

У мінскай інфекцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банка Юрый Осіпаў. У яго была пнеўманія, выкліканая вірусам COVID-19. Пра гэта сваякі паведамілі "Радыё Свабода".

51-гадовы кіроўца з галаўнога офіса БПС-Ашчадбанка Эдуард Ціхаміраў памёр у 6-й мінскай бальніцы. Жонка Таццяна расказала "Нашай Ніве", што ў пасведчанні аб смерці стаіць сардэчна-лёгачная недастатковасць, вірусная пнеўманія, каранавірусная інфекцыя COVID-19.

Мінздароўя 4 красавіка заявіла пра пяць выпадкаў "смерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворванні былі абцяжараны каранавіруснай інфекцыяй". 

5 красавіка. Адпачывальнік у "Пралесцы", Наталля Літвякова 

У Мінску памёр яшчэ адзін пацыент з каранавірусам — 70-гадовы мужчына, які з 5 да 21 сакавіка адпачываў у санаторыі "Пралеска".

Дачка памерлага Марына расказала TUT.by, што 26 сакавіка яе бацьку шпіталізавалі. Аналіз паказаў у мужчыны каранавірус. 3 красавіка мужчыну перавялі ў інфекцыйную бальніцу, дзе ён неўзабаве памёр.

57-гадовая дэзынфектар з бешанковіцкай санітарна-эпідэміялагічнай службы Наталля Літвякова памерла 5 красавіка. За тры дні да таго яна адчула сябе дрэнна і звярнулася па дапамогу. Ёй зрабілі здымак і знайшлі пнеўманію. Наталлю паклалі ў рэанімацыю

Сваякі паведамілі "Нашай Ніве", што 5 красавіка Літвякова памерла. У пасведчанні аб смерці паказана толькі пнеўманія. "Але патолагаанатам казаў нам, што рабілі тэст на каранавірус. І ён быў станоўчы",расказваюць сваякі.

Мінздароўя пятага красавіка заявіў, што "зарэгістравана 8 выпадкаў смерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворванні былі абцяжараныя каранавіруснай інфекцыяй".

6, 7 і 8 красавіка

6 красавіка Мінздароўя абвясціла, што ў Беларусі зарэгістравана 13 выпадкаў смерці пацыентаў ад каранавіруса. З тых часоў статыстыка не змянілася. Журналісты ж да гэтага часу налічылі 16 выпадкаў.

У Беларусі вірус абарочваецца смерцю для людзей трэцяга ўзросту — як і ва ўсім свеце. Памерлым са станоўчым COVID-19 ад 47 да 81 года. Паміраюць людзі з Віцебска і Віцебскай вобласці, а таксама з Мінска і Мінскай вобласці, дзе выяўлена больш за ўсё выпадкаў каранавіруса. Асобна варта адзначыць ачаг заражэння — санаторый "Пралеска", да якога, па паведамленнях СМІ, маюць дачыненне двое загінулых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.