Вы тут

Мінтранс ЗША падрыхтаваў указ аб забароне на продаж авіябілетаў у Беларусь

Аэрапорт у Дэтройце (ЗША) / Reuters

Міністэрства транспарту ЗША завяршыла працу над указам аб забароне продажу авіябілетаў у Беларусь, паведамляе ТАСС. Пастанова была прынятая пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair 23 траўня 2020 года.

"Неадкладна і да наступнага указа міністэрства забараняецца продаж пасажырскіх авіяперавозак паміж ЗША і Беларуссю, уключаючы тыя, што выконваюцца рознымі кампаніямі", — гаворыцца ў дакуменце.

Ва ўказе агавораны шэраг сітуацый, калі палёты паміж краінамі ўсё-такі магчымыя. Гаворка ідзе аб выключных выпадках — пералётах "ў нацыянальных інтарэсах ЗША, у тым ліку па гуманітарных меркаваннях ці па меркаваннях нацыянальнай бяспекі".

Першым на вымушаную пасадку рэйса Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню, адрэагаваў Еўрасаюз. ЕС закрыў сваё неба для беларускіх авіякампаній, а таксама рэкамендаваў еўрапейскім перавозчыкам устрымацца ад палётаў у паветранай прасторы Беларусі. Сваю паветраную прастору для беларускіх самалётаў закрылі таксама і шэраг іншых краін, у прыватнасці, Украіна і Японія.

Падчас вымушанай пасадкі ў Мінску з борта самалёта былі знятыя і затрыманыя два пасажыра — журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына грамадзянка Расіі Сафія Сапега. У Еўрапарламенце інцыдэнт з самалётам назвалі "актам дзяржаўнага тэрарызму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.