Мінспорту — пра збор грошай Гурковым на чэмпіянат: Гэта піяр-ход

Мінспорту — пра збор грошай Гурковым на чэмпіянат: Гэта піяр-ход

Прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч пракаментаваў для парталу tut.by звесткі пра тое, што 10-разовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў вымушаны шукаць грошы для паездкі на першынство свету.

Як паведамлялася раней, спартовец звольнены са стаўкі ў Міністэрстве спорту, бо ў яго ўзнік канфлікт у сваёй спартовай федэрацыі. Цяпер паездка дзейснага чэмпіёна Беларусі на міжнародны турнір апынулася пад пытаннем з фінансавых прычынаў. Таму на сайце talaka.by абвешчаны збор сродкаў для паездкі Гуркова на чэмпіянат свету ў Швецыю.

"Гэтая навіна — піяр-ход з боку Віталя. Папрацаваўшы трохі ў шоў-бізнэсе, ён вынес з гэтага нейкія ўрокі. У тым ліку і датычна таго, як прыцягваць увагу да сябе і падтрымліваць цікавасць публікі. Калі пачне збіраць грошы для паездкі на чэмпіянат свету... Ну, малайчына!" — пракаментаваў гэтую вестку Несцяровіч.

Па яго словах, Гуркоў знаходзіцца ў папярэднім спісе спартоўцаў, якія плануюць адправіцца на чэмпіянат свету. Ён пазначаны там як спартсмен пераменнага саставу нацыянальнай каманды. Па словах Несцяровіча, ёсць надзея, што неабходную суму для паездкі каманды на чэмпіянат свету збяруць праз афіцыйныя структуры. Агулам для паездкі зборнай у Швецыю трэба цяпер знайсці каля 18 тысяч еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі